Пошук

21.06.2022 17:05   Тэкст: Таццяна Образава / Фота: Анатоль Бандарчук-Вошлаў / Catholicnews.by

19 чэрвеня, у нядзелю, што прыпадае ў актаве ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, у Віцебску пасля двухгадовага перапынку, звязанага з пандэміяй каранавірусу, адбылася доўгачаканая Эўхарыстычная працэсія.

Як паведамляе сайт Catholicnews.by, вернікі з усіх парафій абласнога цэнтра, а таксама мясцовыя грэка-католікі сабраліся ў катэдральным касцёле на ўрачыстую Імшу. У гаміліі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч зрабіў акцэнт на словах з нядзельнага Евангелля: «А вы кім лічыце Мяне?»

«Божае слова дапаўняе і вельмі моцна падкрэслівае гэтую таямніцу, дзеля якой мы такой шматлікай сям’ёй з віцебскіх парафій сабраліся ў катэдральным касцёле»,— заўважыў іерарх.

Перад пачаткам працэсіі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату нагадаў пра сэнс гэтага рэлігійнага шэсця:

«Бог з намі, праз нас нясе з сабой ласку благаслаўлення, супакой, надзею. Малітва з’яўляецца аховай ад усялякага зла», — адзначыў біскуп Буткевіч.

Па традыцыі працэсія мела чатыры прыпынкі: адзін каля катэдральнага касцёла, два на вуліцах горада і апошні каля касцёла Святога Духа. На кожным прыпынку чыталіся ўрыўкі з Евангелля і ўзносіліся малітвы. Акрамя ўдзельнікаў працэсіі, на прыпынку спыняліся і выпадковыя мінакі: адны з прычыны простай цікавасці, другія рабілі здымкі на свае смартфоны, трэція пыталіся: «З якім святам звязана мерапрыемства?» Такім чынам адбывалася, у пэўным сэнсе, евангелізацыя сярод гараджан Віцебска.

Біскуп благаслаўляў Найсвяцейшым Сакрамантам, а праз ягоныя рукі сам Бог бласлаўляў жыхароў горада.

Напрыканцы ўрачыстасці пастыр дыяцэзіі выказаў вялікую ўдзячнасць перадусім Пану Богу за магчымасць правядзення працэсіі, а таксама святарам і ўсім вернікам.

Іерарх падзякаваў хору, які сваім спевам упрыгожваў працэсію; прысутным дзецям, якія прынялі ў гэтым годзе Першую Камунію, а таксама ўсім арганізатарам свята: сястры Ёнашы, ксяндзам Валерыю Марціноўскаму і Аляксандру Сапелю, вернікам парафіі Маці Божай Фацімскай з Шуміліна. Словы падзякі прагучалі таксама ў адрас службы парадку і адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска за разуменне і дазвол на правядзенне мерапрыемства.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.