На працягу актавы ўрачыстасці Божага Цела ў розных мясцінах адбываюцца Эўхарыстычныя працэсіі. У Іўі працэсія прайшла ў нядзелю 19 чэрвеня.
Тут існуе прыгожая традыцыя ўпрыгожваць кожнага з чатырох алтароў дыванамі з жывых кветак, якая падтрымліваецца ўжо не першы год.
Пялёсткі кветак, сабраныя ў прыгожыя яскравыя дываны, з’яўляюцца данінай, якую жыхары горада прысвячаюць Езусу, прысутнаму ў Найсвяцэйшым Сакрамэнце.
Падрыхтоўка такой прыгажосці патрабуе таленту, сіл і фантазіі. Для таго, каб аформіць такія дываны, найчасцей выкарыстоўваюць васількі, бэз, ружы, рамонкі, а таксама лісце папараці, мох, кару альбо звычайную скошаную траву. Матэрыял і ўзоры залежаць ад крэатыўнасці стваральнікаў і наяўнасці раслін. У асноўным гэта тая зеляніна, якую вернікі парафіі вырошчваюць на сваіх падворках. Характэрна і тое, што ў шматканфесійным добразычлівым Іўі нярэдка людзі іншых веравызнанняў дапамагаюць кветкамі са сваіх садоў і кветнікаў.
Стваральнікамі дываноў часта з’яўляюцца малітоўныя групы, супрацоўнікі арганізацый горада альбо жыхары асобных вуліц. З імі часцей за ўсё знаходзіцца духоўная асоба.
Працэс стварэння пачынаецца загадзя. Напачатку тыдня людзі збіраюцца, каб абмеркаваць дызайн алтароў і дываноў, падзяліцца думкамі на гэты конт. Потым наступае працэс збору матэрыялу для творчасці.
У суботу напярэдадні збіраецца каркас алтароў і падрыхтоўваецца зеляніна для дываноў, а раніцай нядзелі ўся гэтая прыгажосць з’яўляецца на цэнтральнай плошчы горада.
Імша з нагоды працэсіі Божага Цела распачынаецца ў святыні а 10-й гадзіне. Такім чынам, кветкавыя дываны і алтары павінны быць зроблены да 9-й гадзіны. Каб маляўнічая праца вернікаў не загінула ў спякотны дзень, да самой працэсіі зеляніну паліваюць вадою.
Як і штогод, працэсія вырушыла ад парафіяльнай святыні да цэнтральнай плошчы горада.
Адзін з прыпынкаў Эўхарыстычнай працэсіі адбыўся каля помніка ў гонар адзінства і сяброўства канфесій Івейшчыны, які ў сёлетную ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста адзначыў 10-ю гадавіну існавання.
На дыване перад гэтым алтаром, які з’яўляецца самым вялікім па памерах, былі складзены словы з малітвы суплікацыі: «Божа, барані нас ад голаду і вайны». Гэты алтар рыхтавалі сем’і, з якіх дзеці ў гэтым годзе прынялі Першую святую Камунію.
Алтар, які рыхтаваў «Легіён Марыі» і настаўнікі, упрыгожваў дыван з кветкавым ружанцам. На іншых дыванах былі прадстаўлены розныя эўхарыстычныя сімвалы: келіх з вінаградам, сэрца, крыж, сонца і розныя ўзоры.
Завяршылася працэсія ўрачыстым благаслаўленнем каля касцёла святых апосталаў Пятра і Паўла.