Пошук

14.06.2022 12:59   Фота: Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

13 чэрвеня арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч наведаў парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі на сваёй малой радзіме ў Адэльску на Гродзеншчыне, дзе ўзяў удзел у традыцыйным фэсце ў гонар святога Антонія.

Святы Антоній Падуанскі, або Лісабонскі, з’яўляецца адным з самых шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле.

У Адэльску вялікай папулярнасцю вернікаў карыстаецца абраз святога, што захоўваецца ў тутэйшай святыні, які вернікі з наваколля называюць «Адэльскім Антоніем».

Ва ўспамін святога, які адзначаецца 13 чэрвеня, у Адэльску адбываецца традыцыйны фэст у яго гонар.

У гэты дзень арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў у адэльскім касцёле цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы. У прамоўленай гаміліі заслужаны іерарх нагадаў асноўныя факты з жыцця святога Антонія, які першапачаткова жадаў быць місіянерам у Афрыцы.

«Замест гэтага Божы Провід зрабіў яго найбольш вядомым прапаведнікам, які пераконваў ерэтыкоў і навяртаў грэшнікаў. Яго прыходзілі слухаць натоўпы людзей», — адзначыў арцыпастыр, дадаўшы, што заступніцтва святога Антонія асабліва просяць у пошуку страчаных рэчаў. «Важна знайсці страчаную рэч. Але значна важнейшая справа адшукання, вяртання страчаных духоўных каштоўнасцяў», — сцвердзіў іерарх.

Ён заўважыў, што святога Антонія на абразах найчасцей малююць з кнігай Евангелля і Дзіцяткам Езусам на руках.

«Такім чынам святы нібы кажа нам засяродзіцца на асобе Езуса — нашага Збаўцы, і на заўсёды актуальным і дзейсным Божым слове, каб знайсці страчаную веру. Святы Антоній вучыў, што ў цемры мы не бачым бруду вакол нас і толькі на святле яго заўважаем. Таму нам неабходна святло Хрыста, каб убачыць наш актуальны духоўны стан з мэтай ачысціць сэрцы», — падкрэсліў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што «мы часта губляемся ў жыцці і перажываем крушэнні нашага жыццёвага карабля, але святы Антоні вучыць нас, што дзівосная ласка Божай любові і міласэрнасці прыходзіць да нас і ахінае ў складаныя хвіліны нашага жыцця».

«Таму ў святле вучэння Хрыста і прыкладу святога Антонія кожны дзень нашага жыцця павінен быць напоўнены надзеяй на Божую дапамогу, бо кожны дзень у святле Божага Провіду — гэта дзень новых магчымасцяў», — настаўляў землякоў іерарх.

Сваю гамілію арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў заклікам: «Святы Антоній, будзь для нас прыкладам жыцця, згоднага з духам Евангелля, дапамажы захаваць веру і дасягнуць святасці, каб прыйсці ў радасць вечнага шчасця ў небе».

   

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа