Пошук

10.06.2022 08:00   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

У чацвер 9 чэрвеня, у свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) прайшла пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асоб Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, некалькі дзясяткаў святароў і сясцёр законных, якія нясуць служэнне ў парафіях Мінскай і Магілёўскай вобласцяў.

Сустрэча распачалася супольнай Літургіяй гадзінаў, пасля чаго духоўны айцец святароў архідыяцэзіі ксёндз канонік Аляксандр Барыла прамовіў аскетычную канферэнцыю, якую прысвяціў некаторым аспектам святарскага жыцця, узаемаадносін і тоеснасці духоўных асоб.

Пасля адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, падчас якой удзельнікі пастырскай сустрэчы мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту паяднання, адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.

Эўхарыстыю арцыпастыр ахвяраваў у інтэнцыі ўсіх святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

«Усведамляй тое, што будзеш чыніць, наследуй тое, што будзеш здзяйсняць», — працытаваўшы гэтыя словы з рытуала сакрамэнту пасвячэння, арцыбіскуп на пачатку Імшы прапанаваў засяродзіцца над сутнасцю святарства. Да гэтых словаў ён зноў вярнуўся ў прамоўленай гаміліі.

«Няведанне таго, кім ёсць святар, з’яўляецца адным з найбольшых няшчасцяў нашага часу», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што для спасціжэння таямніцы святарства неабходная перадусім вера, а не толькі веды. Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ў сваім пакліканні кожны святар з’яўляецца выбранай прыладай Бога, Яго «паслом» і прадстаўніком, пасрэднікам паміж Ім і людзьмі, з’яднаным з Богам асаблівай таямнічай сувяззю для таго, каб у Яго асобе здзяйсняць святую Ахвяру.

«Мы жывем не дзеля сябе, а для Бога і Касцёла, для Езуса і для збаўлення душ людскіх», — падкрэсліў іерарх, дадаўшы, што Бог кліча святароў да ахвяры. Ён адзначыў, што святар у сваім служэнні не можа разлічваць на сябе, паколькі збаўленне з’яўляецца дарам Божай ласкі, і таму слуга Хрыста перадусім павінен быць чалавекам веры — жыць верай і яе захоўваць, а вера яго прывядзе да ахвярнай любові.

«Мы будзем прасіць Найсвяцейшую Панну, Маці Езуса, Маці Святара, Маці гэтых узнёслых пакліканняў, каб Яна ахоўвала нас, каб Яна дапамагала нам яшчэ глыбей увайсці ў гэтую святарскую веру, у гэтую любоў, у святарскую міласэрнасць, дадзеную нам», — сказаў на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Станеўскі.

Пасля Імшы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы духавенства, на якой былі закранутыя розныя душпастырскія справы.

Між іншым, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі паведаміў аб прызначэнні пробашча парафіі Спаслання Духа Святога ў Барысаве ксяндза каноніка Аляксея Раманчука адказным за семінарыстаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія праходзяць святарскую фармацыю ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця