У нядзелю 5 чэрвеня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі наведаў парафію святых апосталаў Пятра і Паўла ў Шклове.
Арцыпастыр скіраваўся ў Шклоў пасля таго, як напярэдадні ў Фашчаўцы, што ў Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці, урачыста пасвяціў капліцу Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
Душпастырам у абедзвюх гэтых супольнасцях Магілёўскага рэгіёна з’яўляецца ксёндз Міхал Бубен.
Святар пазнаёміў пастыра Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з гісторыяй каталіцкай парафіі ў Шклове, якая налічвае ўжо каля 500 гадоў, а таксама з актуальным жыццём тутэйшых вернікаў.
У шклоўскай святыні, пабудаванай у сярэдзіне ХІХ стагоддзя, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі памаліўся і сустрэўся з прадстаўнікамі парафіі.