Пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, з 27 мая па 4 чэрвеня, у Касцёле адбываецца Навэнна, або дзевяцідзённае набажэнства да Духа Святога.
Гэтая малітва бярэ свой пачатак у малітоўным чаканні Апосталамі спаслання абяцанага Езусам Суцяшыцеля (пар. Дз 2, 1–4). Пасля ўнебаўшэсця Пана Апосталы вярнуліся ў Ерузалем і на працягу дзевяці дзён сумесна трывалі ў малітве разам з Марыяй, жанчынамі і вучнямі Пана (пар. Дз 1, 12–14). Адсюль у Касцёле паходзіць звычай праводзіць навэнну да Духа Святога, пачынаючы з пятніцы пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана да суботы перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. Зрэшты, маліцца Навэнну ў пэўнай інтэнцыі можна ў любы час, напрыклад, перад прыняццем важнага рашэння або перад важнай жыццёвай падзеяй.
Парадак навэнны
- малітва да Духа Святога;
- малітвы на паасобныя дні навэнны;
- малітва Ойча наш;
- малітва на заканчэнне;
- напрыканцы можна прачытаць літанію да Духа Святога, літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі або іншую адпаведную літанію.
Малітва да Духа Святога
Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе, будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.
Разважанне на сёмы дзень Навэнны (2 чэрвеня)
Святое Пісанне вучыць: «Ці не ведаеце, што целы вашыя — гэта святыня Духа Святога, які ў вас, якога вы маеце ад Бога, і што вы не належыце самім сабе? Бо вы куплены за вялікую цану! Таму праслаўляйце Бога ў целе вашым» (1 Кар 6, 19–20).
Молімся: Божа, пакуль мы жывём, мы змагаемся са злом. Таму учыні, каб мы навучыліся ўтаймоўваць ўсялякія спакусы і дрэнныя схільнасці з дапамогаю Духа Святога, які прабывае ў нас, каб жыць вечна. Амэн.
Малітва Ойча наш
Малітва на заканчэнне
Божа, Ты адкрыў нам браму жыцця вечнага, узвялічыўшы Хрыста і спаслаўшы нам Духа Святога. Учыні, каб такія вялікія дары ўмацавалі нашую адданасць Табе і павялічылі нашую веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.