Пошук

01.06.2022 16:08   Тэкст: Наталля Лазоўская / Фота: Віталій Шмурай / Catholic.by

У суботу 28 мая ў парафіі Святога Духа на Альшанцы (Гродна) адбылася ўрачыстасць Першай святой Камуніі.

У гэты дзень поўны ўдзел у Эўхарыстыі ўпершыню ўзялі больш за 200 дзяцей, якія разам з бацькамі не маглі змясціцца ў святыні адначасова і таму былі падзелены на тры групы..

Верагордна, што гэта найбольшая з усіх парафій Беларусі колькасць тых, хто сёлета прыняў Першую Камунію.

Да гэтай значнай падзеі дзеці на працягу двух гадоў рыхтаваліся на занятках па катэхізацыі, якая вяла для іх сястра Бэрнадэта CSSH. На Першую святую Камунію раніцай завітаў ксёндз Віталій Сідорка. Святар прамовіў гамілію, у якой заахвоціў дзяцей не баяцца цяжкасцяў і пераадольваць іх з Богам. Другую групу настаўляў ксёндз Віктар Ханько, запрасіўшы кожнага з тых, хто ўпершыню прымаў Камунію, імнкуцца прыносіць шчодры плён у духоўным жыцці.

На кожнай святой Імшы пробашч парафіі ксёндз канонік Павел Салабуда звяртаўся да бацькоў, каб яны не пераставалі клапаціцца пра рэлігійнае выхаванне сваіх дзяцей.

«Як важна сёння чалавеку быць моцным у Богу, асабліва маладому чалавеку. Свята Першай святой Камуніі — гэта той момант, калі Бог сваёй прысутнасцю ўмацоўвае нас у веры», — заўважыў святар.

На заканчэнне кожнай святой Імшы ксёндз Салабуда заахвочваў дзяцей быць вернымі Богу і ўмацоўваць сваю веру.

Бацькі хлопчыкаў і дзяўчынак, якія сёлета ўпершыню прынялі ў свае сэрцы Хрыста, як выраз сваёй удзячнасці ахвяравалі касцёлу звон.

Ва ўрачыстасць спаслання Духа Святога, якая будзе адзначацца ў Касцёле ў нядзелю 5 чэрвеня, парафію на Альшанцы наведае арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Заслужаны іерарх удзеліць групе парафіянаў сакрамэнт канфірмацыі.

 

Абноўлена 01.06.2022 16:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця