Пошук

01.06.2022 08:08   Паводле: ave-maria.by / Catholic.by
Спасланне Духа Святога. Мастак Ян Юст ван Калькар / Pinterest

Пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, з 27 мая па 4 чэрвеня, у Касцёле адбываецца Навэнна, або дзевяцідзённае набажэнства да Духа Святога.

Гэтая малітва бярэ свой пачатак у малітоўным чаканні Апосталамі спаслання абяцанага Езусам Суцяшыцеля (пар. Дз 2, 1–4). Пасля ўнебаўшэсця Пана Апосталы вярнуліся ў Ерузалем і на працягу дзевяці дзён сумесна трывалі ў малітве разам з Марыяй, жанчынамі і вучнямі Пана (пар. Дз 1, 12–14). Адсюль у Касцёле паходзіць звычай праводзіць навэнну да Духа Святога, пачынаючы з пятніцы пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана да суботы перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. Зрэшты, маліцца Навэнну ў пэўнай інтэнцыі можна ў любы час, напрыклад, перад прыняццем важнага рашэння або перад важнай жыццёвай падзеяй.

Парадак навэнны

  • малітва да Духа Святога;
  • малітвы на паасобныя дні навэнны;
  • малітва Ойча наш;
  • малітва на заканчэнне;
  • напрыканцы можна прачытаць літанію да Духа Святога, літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі або іншую адпаведную літанію.

Малітва да Духа Святога

Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе, будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры па­дзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.

Разважанне на шосты дзень Навэнны (1 чэрвеня)

Святое Пісанне вучыць: «Паступайце ў духу і пажаданняў цела не выконвайце. А плён духа — гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Калі мы жывём паводле Духа, то і паступаем паводле Духа» (Гал 5, 16. 22. 25).

Молімся: Пане, павяліч у нас веру ў Цябе і заўсёды асвячай нас святлом Духа Святога, каб мы жылі паводле Духа і цешыліся Яго плёнамі. Амэн.

Малітва Ойча наш

Малітва на заканчэнне

Божа, Ты адкрыў нам браму жыцця вечнага, узвялічыўшы Хрыста і спаслаўшы нам Духа Святога. Учыні, каб такія вялікія дары ўмацавалі нашую адданасць Табе і павялічылі нашую веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.

Літанія да Духа Святога>>>

Абноўлена 01.06.2022 22:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа