Пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана, з 27 мая па 4 чэрвеня, у Касцёле адбываецца Навэнна, або дзевяцідзённае набажэнства да Духа Святога.
Гэтая малітва бярэ свой пачатак у малітоўным чаканні Апосталамі спаслання абяцанага Езусам Суцяшыцеля (пар. Дз 2, 1–4). Пасля ўнебаўшэсця Пана Апосталы вярнуліся ў Ерузалем і на працягу дзевяці дзён сумесна трывалі ў малітве разам з Марыяй, жанчынамі і вучнямі Пана (пар. Дз 1, 12–14). Адсюль у Касцёле паходзіць звычай праводзіць навэнну да Духа Святога, пачынаючы з пятніцы пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана да суботы перад урачыстасцю Спаслання Духа Святога. Зрэшты, маліцца Навэнну ў пэўнай інтэнцыі можна ў любы час, напрыклад, перад прыняццем важнага рашэння або перад важнай жыццёвай падзеяй.
Парадак навэнны
- малітва да Духа Святога;
- малітвы на паасобныя дні навэнны;
- малітва Ойча наш;
- малітва на заканчэнне;
- напрыканцы можна прачытаць літанію да Духа Святога, літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, літанію да Найсвяцейшай Панны Марыі або іншую адпаведную літанію.
Малітва да Духа Святога
Духу Святы, які сышоў у самым пачатку Касцёла на Апосталаў і верных, каб асвяціць іх розум, запаліць сэрцы і ўмацаваць у веры. Просім Цябе, будзь заўсёды таксама з намі, напаўняй нас Тваімі дарамі, прасвятляй у сумненнях, суцяшай у смутку, ратуй у небяспецы, выбаўляй ад памылак, падымай пры падзенні, кіруй намі мудрасцю Тваёй, яднай нас узаемнай хрысціянскай любоўю, каб усе мы жылі ў згодзе і святой еднасці як адна Божая сям’я. Давядзі ўсіх нас да шчаслівай вечнасці, каб там з усімі анёламі і святымі мы выказвалі Табе ўдзячнасць і хвалу на векі вечныя. Амэн.
Разважанне на пяты дзень Навэнны (31 мая)
Святое Пісанне вучыць: «Таксама і Дух дапамагае ў слабасцях нашых, бо мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі. Той жа, хто даследуе сэрцы, ведае, чаго прагне Дух, бо Ён заступаецца за святых па волі Божай» (Рым 8, 26–27).
Молімся: Пане Езу Хрыстэ, дзякуючы прабыванню ў нас Духа Святога, наша малітва здольная перамагчы сатану і спакусы свету, а таксама здольная праслаўляць Цябе разам з Айцом і Духам Святым. Амэн.
Малітва Ойча наш
Малітва на заканчэнне
Божа, Ты адкрыў нам браму жыцця вечнага, узвялічыўшы Хрыста і спаслаўшы нам Духа Святога. Учыні, каб такія вялікія дары ўмацавалі нашую адданасць Табе і павялічылі нашую веру. Праз Хрыста, Пана нашага. Амэн.