Пошук

25.05.2022 12:36   Тэкст: Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі / Фота: Grodnensis.by

23 мая ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат) адбыўся дзень засяроджання для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, сустрэча стала нагодай падзякаваць Пану Богу за 31 год біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і за 2021–2022 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.

Шматлікія ўдзельнікі — духавенства, законныя сёстры і свецкія катэхеты — выслухалі канферэнцыю «Марыя, Маці і ўзор новай евангелізацыі», якую прамовіў ксёндз Анджэй Шчупал CSsR, дырэктар Аддзела навучання і выхавання Гродзенскай курыі.

Спачатку патлумачыўшы, што такое новая евангелізацыя, святар звярнуў увагу на пагрозы ў свеце, якім мусіць супрацьстаяць сучасны катэхет. Сярод гэтых пагроз ён назваў рэлятывізм у галіне як веры, так і маральнасці, што датычыцца найперш маральных прынцыпаў, якія належыць бараніць, асабліва сужэнскай вернасці, сексуальнай этыкі, абароны жыцця, пачынаючы ад зачацця да натуральнай смерці.

Яшчэ адной крыніцай атакі на Касцёл святар назваў атэістычную ідэалогію, ці адмаўленне існавання Бога. Сярод выклікаў, якім трэба супрацьстаяць, ён узгадаў таксама паўсюдную эратызацыю жыцця.

Дакладчык адзначыў і тое, што сёння шмат людзей не вярнулася ў Касцёл пасля перыяду пандэміі каранавірусу.

Рэдэмптарыст звярнуў увагу на рысы катэхета: той павінен быць «Божым чалавекам», бескампрамісным, адважным, ахвярным; павінен любіць сваіх вучняў, жыць Евангеллем кожны дзень.

У другой частцы канферэнцыі святар засяродзіў увагу на Марыі, якая з’яўляецца ўзорам для катэхета ў сваім даверы Богу, слуханні Божага слова, апостальстве, малітве, успрыманні пакутаў і нягодаў. Таксама ён казаў пра тое, як сёння Марыя можа дапамагаць катэхету ў рэалізацыі яго місіі навучання. Дакладчык прадставіў справаздачу па працэсе навучання ў Гродзенскай дыяцэзіі, назваўшы колькасць вучняў і катэхетаў у паасобных дэканатах.

Цэнтральнай падзеяй дня стала Імша падзякі, якую цэлебраваў на палявым алтары біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. На пачатку літургіі іерарх нагадаў, што месяц май — асаблівая нагода выразіць удзячнасць Богу. Як падкрэсліў біскуп, у гэты час мы дзякуем Пану за дзяцей, якія ўпершыню прыступаюць да эўхарыстычнага стала, прымаючы Першую Камунію, і за моладзь, якая ўзбагачаецца дарамі Духа Святога ў сакрамэнце хрысціянскай сталасці — канфірмацыі.

Таксама пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падкрэсліў, што для многіх святароў і кансэкраваных асоб гэта нагода падзякаваць Богу за дар святарскага ці кансэкраванага жыцця ў чарговую гадавіну яго распачацця.

Таму, дадаў іерарх, ён сам прыбывае ў гэтае святое месца з патрэбы сэрца, каб дзякаваць Пану — праз Марыю і разам з Ёю — за дар жыцця, за ўсе атрыманыя ласкі, а асаблівым чынам за 31 год біскупскага служэння.

Біскуп цэлебраваў Імшу ў інтэнцыі ўсіх, хто ўтварае Касцёл на Гродзеншчыне, асабліва за духоўных асоб і катэхетаў, якія першыя даюць прыклад жывой веры і ўказваюць іншым вернікам дыяцэзіі шлях да Бога.

Гамілію прамовіў дэкан Лідскага дэканату ксёндз Андрэй Роўба CRL. Святар казаў пра тое, што Найсвяцейшая Панна Марыя павінна быць узорам жыцця і паводзінаў для кожнага чалавека, і таму важна нястомна ўглядацца ў Яе. Таксама ён падкрэсліў, што Марыя жадае, каб кожнае Яе дзіця было шчаслівым і мела ўсяго ў дастатку.

На заканчэнне Імшы з віншаваннямі да біскупа Гродзенскага звярнуўся Біскупскі вікарый для Лідскага рэгіёна ксёндз канонік Уладзімір Гуляй. Ад імя ўсіх, хто ўтварае дыяцэзію, святар выказаў іерарху словы падтрымкі і запэўнення ў малітве за пастыра.

Перш, чым удзяліць благаслаўленне, біскуп Кашкевіч падзякаваў усім прысутным за ўдзел, падкрэсліўшы, што вельмі рады магчымасці правесці цудоўны і важны для яго дзень гадавіны біскупскага пасвячэння ў гэтым прыгожым, дарагім яго сэрцу санктуарыі. Карыстаючыся нагодай, пастыр Касцёла на Гродзеншчыне падзякаваў за дар малітвы ў яго інтэнцыі, не толькі ў гэты дзень, але і на працягу ўсяго яго служэння.

Віцэ-канцлер біскупскай курыі ў Гродне ксёндз канонік Антоні Грэмза прачытаў дэкрэты, якімі біскуп у гэты дзень прызначыў пяць новых канонікаў катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.

 

Абноўлена 25.05.2022 12:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа