Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў пяць новых канонікаў Катэдральнага капітулу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра.
Як паведаміла Прэс-служба Гродзенскай дыяцэзіі, пра гэта было абвешчана 23 мая падчас сустрэчы для святароў, законных сясцёр і свецкіх катэхетаў Гродзенскай дыяцэзіі ў дыяцэзіяльным санктуарыі Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат).
Сустрэча была нагодай для таго, каб падзякаваць Пану Богу за 31 год біскупскага служэння біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча і за 2021–2022 катэхетычны год, які падыходзіць да завяршэння.
Новымі канонікамі сталі ксёндз Віталій Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, ксёндз Юрый Бяганскі, кусташ дыяцэзіяльнага санктуарыя Маці Божай Каралевы нашых сем’яў у Тракелях (Радунскі дэканат), ксёндз Юрый Марціновіч, прэс-сакратар Гродзенскай дыяцэзіі, ксёндз Андрэй Зноска, пробашч парафіі Божай Міласэрнасці ў Лідзе (Лідскі дэканат), ксёндз Леон Ладыш, пробашч парафіі святога Ліна ў Пелясе (Радунскі дэканат).
Падзякаваўшы гэтым святарам за шматгадовае ахвярнае служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі, біскуп пажадаў ім Божага благаслаўлення і шчодрых ласкаў Божых у служэнні Хрыстоваму Касцёлу.