Пошук

16.05.2022 13:33   Тэкст: Ганна Шаўчэнка / ave-maria.by / Фота: Мікола Новікаў / Catholic.by

У нядзелю 15 мая вернікі парафіі Святога Духа ў мінскім мікрараёне Чыжоўка мелі двайную нагоду для радасці: у гэты дзень прынялі сакрамэнт канфірмацыі 19 парафіянаў, што было спалучана са святкаваннем 10-гадовага юбілею з пачатку будаўніцтва касцёла.

Як нагадвае сайт часопіса «Ave Maria», 19 мая 2012 года на месцы, дзе сёння ўзвышаецца велічная святыня, адбылося благаслаўленне зямлі пад будову і вуглавога каменя новага касцёла.

Нядзельную ўрачыстасць узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, які ў сваім прывітальным слове заахвоціў удзельнікаў літургіі маліцца не толькі за кандыдатаў да канфірмацыі, за пробашча ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, Біскупскага вікарыя для Мінскага рэгіёна, але і аб новых пакліканнях у парафіі, а таксама за тых, хто стаяў каля яе вытокаў, хто прывёў на шлях веры маладых і больш сталых людзей, якія ў гэты шчаслівы дзень прынялі дар Духа Святога.

Касцёл вучыць, што праз сакрамэнт канфірмацыі вернікі ўмацоўваюцца ў веры, атрымліваюць у душы незнішчальную пячаць і асаблівую моц для хрысціянскага сведчання. Пра тое, што азначае такое сведчанне, арцыбіскуп Станеўскі падзяліўся ў сваіх разважаннях падчас гаміліі. Спасаўшыся на словы Папы Францішка, ён падкрэсліў, што жыццё чалавека не вымяраецца колькасцю пражытых гадоў, а набывае глыбокі сэнс тады, калі ў ім ёсць месца для сустрэчы з іншым чалавекам, калі мы не замыкаемся ў саміх сабе, у сваім вузкім асяродку, а выходзім насустрач іншым, даючы праўдзівае сведчанне веры.

«Мы створаныя паводле вобразу Бога, і таму з’яўляемся прыладамі ў Божых руках. Праз нас Бог жадае дайсці да іншага чалавека і падзяліцца з ім сваёю любоўю. Многія людзі ў сучасным свеце ўжо ведаюць Евангелле, але прагнуць убачыць яго ўвасабленне ў нашых учынках, у нашым штодзённым жыцці.

Няхай тыя, хто яшчэ не ходзіць у касцёл, заўважаць вашую дабрыню, спакой, любоў адзін да аднаго, узаемную дапамогу, засяроджанасць на самых галоўных рэчах — і задумаюцца над тым, адкуль у вас гэтая духоўная моц. Тады вы засведчыце, што чэрпаеце сілы менавіта з сустрэчы з Богам»,— выказаў пажаданне арцыпастыр.

Іерарх заўважыў, што чыжоўская парафія ў гэтым сэнсе асаблівая, бо мае тытул Духа Святога, а таксама павіншаваў парафіянаў з дзесяцігоддзем ад пачатку будаўніцтва святыні.

За гэты час былі ўзведзеныя не толькі каменныя сцены касцёла — вырасла і сама парафіяльная супольнасць. Клопат пра яе развіццё, пра пабудову Божага дома моцна з’яднаў вернікаў, зрабіўшы іх адзінаю вялікаю сям’ёю.

Арцыбіскуп звярнуў асаблівую ўвагу на словы з нядзельнага чытання пра нашу канчатковую мэту — «новае неба і новую зямлю», да якіх мы крочым не самі, не ў адзіноце, а менавіта ў гэтай вялікай Божай сям’і, шчодра надзеленыя дарамі Духа Святога.

Напрыканцы ўрачыстасці вернікі падзякавалі арцыбіскупу Станеўскаму за абвешчанае Божае слова і ўдзяленне сакрамэнту хрысціянскай сталасці, а таксама пробашчу — за адданае служэнне ў парафіі, клопат пра яе развіццё і прыгожы прыклад шчырай малітвы.

Кожнаму, хто прыняў сакрамэнт канфірмацыі, арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўручыў у падарунак «Новы Запавет для дзяцей і моладзі» на беларускай мове.

Гэтае выданне было падрыхтавана Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якую ўзначальвае чыжоўскі пробашч, і выдадзены ў выдавецтве «Pro Christo» у 2019 годзе.

 

Абноўлена 16.05.2022 17:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця