Пошук

10.05.2022 17:17   Фота: Яўген Занеўскі / І курс Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі / Catholic.by

8 мая адбылася традыцыйная аднадзённая пешая пілігрымка з Пінска ў санктуарый Маці Божай Лагішынскай, Каралевы Палесся.

Штогадовыя паломніцтвы з пінскага катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі да іконы Маці Божай у Лагішыне аднавіліся ў 1991 годзе. Асаблівым імпульсам у развіцці гэтага марыйнага санктуарыя стала ўрачыстае ўвянчанне іконы Маці Божай Лагішынскай папскімі каронамі, якія асвяціў і перадаў Святы Айцец Ян Павел ІІ.

Акт каранацыі выявы Маці Божай і Дзіцяткі Езуса здзейсніў 10 мая 1997 года кардынал Казімір Свёнтэк.

Сёлетняя пілігрымка была асаблівым чынам прымеркавана да 25-годдзя каранацыі лагішынскай іконы Маці Божай. Менавіта тады, у 1997 годзе, за ёй быў афіцыйна замацаваны тытул Каралевы Палесся і Апякункі Пінскай дыяцэзіі.

Удзел у пешым паломніцтве ў гэтым годзе узялі не толькі шматлікія пілігрымы з трох парафій Пінска, але таксама вернікі розных узростаў з іншых гарадоў і мястэчак Пінскай дыяцэзіі: з Гомеля, Мазыра, Баранавічаў, Ружанаў, Жлобіна і іншых мясцін. У дарозе іх з асаблівай гасціннасцю і пачастункам віталі вернікі парафіі святой Ганны ў вёсцы Крыўчыцы, а кусташ лагішынскага санктуарыя ксёндз Тадэвуш Шэшка FDP сустрэў пілігрымаў булачкамі «ад Маці Божай».

Цэлебрацыю святой Імшы на заканчэнне пілігрымкі ў санктуарыі Маці Божай у Лагішыне ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

У прывітальным слове іерарх адзначыў велізарную евангелізацыйную і духоўна-выхаваўчую ролю пілігрымкі да Маці Божай не толькі для самых удзельнікаў паломніцтва, але і для ўсіх людзей, якія іх сустракалі ў дарозе. Для многіх гэта станавілася нагодай задумацца пра свае адносіны з Панам Богам і пра сваё духоўнае жыццё.

Гамілію да сабраных прамовіў кіраўнік Прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ксёндз Павел Эйсмант з Мінска, які разам з семінарыстамі прымаў актыўны ўдзел у пілігрымцы. Святар нагадаў вернікам пра слаўную і драматычную гісторыю Лагішынскай іконы Маці Божай, а таксама пра ролю Марыі ў духоўным жыцці хрысціяніна.

На завяршэнне юбілейнай урачыстасці са словамі падзякі да ўсіх сабраных звярнуўся кіраўнік пілігрымкі ксёндз Андрэй Рылка, канцлер Курыі Пінскай дыяцэзіі.

Асаблівыя словы ўдзячнасці ад імя ўсіх пілігрымаў святар скіраваў да духоўных і кансэкраваных асоб, якія ішлі ў пілігрымцы і сведчылі пра прыгажосць свайго паклікання і радаснага следавання за Хрыстом Добрым Пастырам.

Падчас развітання з пілігрымамі кусташ санктуарыя ксёндз Тадэвуш Шэшка запрасіў усіх ахвотных на традыцыйныя летнія паломніцтвы да Маці Божай Лагішынскай, якія ў гэтым годзе запланаваныя на 9–12 жніўня з Бярозы і Баранавічаў. Фэст Каралевы Палесся сёлета запланаваны на 12–13 жніўня.

 

Абноўлена 10.05.2022 17:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця