9 мая ў Дзеркаўшчыне, што на Глыбоччыне (Віцебская дыяцэзія), урачыста адзначылі 200-годдзе з часу пабудовы парафіяльнага касцёла Унебаўшэсця Пана.
З гэтай нагоды цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы ў дзеркаўшчынскай святыні ўзначаліў пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч, да якога далучыўся арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч і святары.
Усіх удзельнікаў урачыстасці напачатку прывітаў пробашч парафіі ў Дзеркаўшчыне ксёндз канонік Валерый Орсік.
Касцёл быў пабудаваны на сродкі маршалка Лявона Дамейкі. Гэта адбылося 7 мая 1822 года, пра што сведчыць камень з выбітай датай, умураваны ў сцяну святыні. Як адзначаецца ў парафіяльнай хроніцы, касцёл будаваўся нелегальна, пад выглядам сельскагаспадарчай пабудовы.
Пасля таго, як будаўніцтва было завершана, царскія ўлады сталі перад фактам: пабудаваны касцёл, а не свіран, і ў выніку ён быў легалізаваны і пасвячаны.
Касцёл Унебашэсця Пана дзейнічаў да 1959 года, пасля чаго быў зачынены. У 1965 годзе святыня была ператворана ў калгаснае збожжасховішча, а праз нейкім час закінута. Пахаванне фундатара было зруйнавана, парэшткі апаганены. З 1988 года парафія ў Дзеркаўшчыне пачала адраджацца, праз год святыня была вернута вернікам і адноўлена, а 15 мая 1990 года яе зноў пасвяціў біскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ў той час быў пастырам усіх католікаў на Беларусі.
Праз амаль 32 гады з таго часу менавіта ён прамовіў гамілію на ўрачыстай Імшы з нагоды 200-годдзя пабудовы дзеркаўшчынскага касцёла. Нагадаўшы пра сумны лёс і заняпад святыні ў часы савецкага пераследу, заслужаны іерарх заўважыў:
«Здавалася, што ў яго сценах больш ніколі не будзе гучаць Божае слова, не будуць цэлебравацца сакрамэнты, не будзе весціся іншая рэлігійная дзейнасць. Нягледзечы на тое, што касцёл быў зачынены, ён, тым не менш, адыгрываў сваю евангелізацыйную ролю. Яго прыгожая архітэктура прыцягвала позірк людзей і вольна ці нявольна прымушала думаць пра вечнае. Здзейсняліся словы Хрыста: калі вы будзеце маўчаць, то камяні будуць гаварыць. І яны гаварылі і давалі надзею на лепшыя часы», — сцвердзіў арцыбіскуп.
Ён дадаў, што «немагчымае чалавеку стала магчымым Богу», і заняпалы касцёл зноў стаў домам Божым.
«Якая тады была радасць, калі людзі ўваходзілі ў дом Пана пасля доўгага перыяду яго закрыцця! Сёння нашыя душы таксама напоўнены радасцю, бо святыня адзначае слаўны юбілей 200-годдзя», — адзначыў арцыпастыр. Ён з падзякай узгадаў будаўнікоў святыні, «якія ў нялёгкіх умовах будавалі яе»; тых, хто яе аднаўляў і клапаціўся аб належным выглядзе; тых, хто стараўся, каб яна была вернута парафіі; святароў, якія тут працавалі.
«Мы будуем новыя і аднаўляем старыя касцёлы не толькі для таго, каб упрыгожваць нашыя гарады і вёскі сакральнай архітэктурай, але перадусім для таго, каб у іх сценах будаваць жывы Касцёл як Містычнае Цела Хрыста з жывых каменёў, якімі з’яўляюцца сэрцы і душы вернікаў», — сцвердзіў арцыбіскуп Кандрусевіч, заклікаўшы вернікаў да таго, «каб, сустрэўшыся з Богам, дзяліліся Ім з іншымі, каб свет Яго пазнаў і, жывучы Ягонай праўдай, будаваў цывілізацыю жыцця, любові і міру».
Віншаванне з нагоды юбілею касцёла ў Дзеркаўшчыне з далёкага Іркуцка скіраваў біскуп Кірыл Клімовіч, які на пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя як святар нёс душпастырскае служэнне ў адроджанай парафіі.
«Прагну падзякаваць Богу за росквіт рэлігійнага жыцця, перапрасіць за гады знеслаўлення святыні і знішчэння веры ў людскіх сэрцах, праславіць за адраджэнне хрысціянства і ўваскрасенне касцёла ў Дзеркаўшчыне. Святкаванне юбілею нас абавязвае ўспомніць усіх тых, дзякуючы каму мы маем касцёл, а таксама тых, хто здолеў захаваць веру ў часы пераследу. Разважаючы над іх жыццём, належыць узяць добрую лекцыю вернасці Богу і Касцёлу як у лёгкія, так і вельмі складаныя часы.
Святкаванне юбілею адначасова з’яўляецца і заданнем, каб у наступным стагоддзі вера не аслабла ў сэрцах людзей, каб мы не паддаліся спакусе жыцця толькі для цела, і каб гэтая ўзнёслая святыня магла весці да Бога ўсё больш вызнаўцаў Езуса Хрыста. Гісторыя наступнага стагоддзя ўжо сёння залежыць ад нас», — напісаў у прывітальным лісце біскуп Клімовіч.