Пошук

06.05.2022 08:49   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня

Арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч перад нядзеляй Добрага пастыра, якая сёлета прыпадае на 8 мая, дзеліцца сваімі разважаннямі пра пакліканне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
КАГО МНЕ ПАСЛАЦЬ? — ВОСЬ Я, ПАНЕ, ПАШЛІ МЯНЕ (пар. Іс 6, 8)
Слова на нядзелю Добрага пастыра 8 мая 2022 г.

Глыбокапаважаныя браты і сёстры!

Чацвёртая Велікодная нядзеля ў Каталіцкім Касцёле традыцыйна называецца нядзеляй Добрага Пастыра, калі мы молімся аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.

У абвяшчэнні Добрай навіны Езус выкарыстоўвае традыцыйны для Палестыны вобраз пастыра, які ў Старым Запавеце таксама адносіцца да Бога.

Так, прарок Ісая кажа, што Бог падобны да пастыра, які пасвіць свой статак, ягнят бярэ на рукі і носіць на грудзях (пар. Іс 40, 11). Прарок Эзэхіэль прадстаўляе Бога як любячага пастыра, які шукае загубленую авечку (пар. Эзх 34, 15–16). Псальміст Давід таксама прадстаўляе Бога як Добрага пастыра: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы, Ён дазваляе спачываць мне на зялёных пашах. Да водаў спакойных вядзе мяне, Ён душу маю ажыўляе» (Пс 22 (23), 1–3).

Распачаты Папам Францішкам сінадальны працэс заклікае людзей усіх станаў, у тым ліку і свецкіх, да больш актыўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла і вырашэння яго праблем. Мы ўсе — духоўныя асобы і свецкія вернікі — утвараем Касцёл як Містычнае цела Езуса Хрыста і таму не можам быць абыякавымі да яго лёсу.

Аднак у той жа час мы добра ведаем пра незаменную ролю святара ў жыцці Касцёла, без якога ён не можа быць сакрамэнтам паўсюднага збаўлення (пар. LG 48). Толькі святар з боскага ўстанаўлення з’яўляецца распарадчыкам сакрамэнтаў, дзякуючы якім атрымліваем патрэбную для збаўлення Божую ласку. Святар дзейнічае не сваёй моцай, але ад імя Езуса (пар. LG 28).

Па Яго прыкладу святар павінен быць як Добрым пастырам, які ведае праблемы сваіх авечак, так і Добрым самаранінам, які распазнае іх раны і іх лечыць, як кажа Папа Францішак.

Індыйскі хрысціянскі місіянер Садху Сундар Сінгх, які жыў напрыканцы ХІХ – на пачатку ХХ стагоддзя, наступным чынам прадстаўляе Хрыста Збаўцу.

Калісьці даўно жыў чалавек, у якога была вялікая колькасць авечак. Яго слугі кожны дзень выводзілі іх на пашу. Аднак пры гэтым некалькі авечак заўсёды губляліся. Гаспадар прасіў слугаў ісці шукаць іх, але яны баяліся дзікіх звяроў і адмаўляліся.

Гаспадар любіў сваіх авечак і хацеў іх выратаваць. Таму казаў сам сабе: «Калі я пайду і буду іх шукаць, то яны мяне не пазнаюць, бо я не іхні пастыр. Яны ведаюць маіх слугаў, але тыя не хочуць іх шукаць. Таму адзінае, што я магу зрабіць, гэта стаць адной з авечак». Ён апрануўся ў аўчыну і пайшоў на поле. Убачыўшы яго, авечкі пайшлі за ім.

Гаспадар не быў авечкай, але стаў ёй, каб выратаваць загубленых.

Таксама і Бог не быў чалавекам, але стаў ім, каб выратаваць чалавецтва з палону граху.

Святары ад імя Езуса і Ягонай моцай працягваюць справу збаўлення чалавека. Іх роля з дня на дзень узрастае, бо ўсё больш людзей жыве так, як быццам Бога няма. Замест таго, каб слухаць Бога і жыць згодна з ягоным законам, лёгка паддаюцца дзеянню злога духа. Ведаюць што такое дабро, але ў той жа час чыняць зло, як кажа святы апостал Павел (пар. Рым 7, 19).

Тут дарэчы прывесці параўнанне Езуса як Добрага пастыра і яго супрацьлегласці — злога духа. Усё нашае жыццё мы павінны выбіраць паміж двума рознымі лідарамі: Езусам як духоўным і сатаной як антыдухоўным. Езус заклікае несці крыж нашага жыцця, каб быць Ягоным вучнем і такім чынам духоўна ўдасканальвацца (пар. Лк 9, 23). Сатана прапагандуе лёгкі і свабодны ад маральных абавязкаў стыль жыцця.

Такім чынам перад намі паўстае дылема: Езус абяцае нам шчасце ў вечнасці, а сатана — на зямлі. Аднак нам трэба памятаць, што на Апошнім судзе судзіць будзе нас не сатана, але Езус. На чыім баку мы знаходзімся? Каго выбіраем? Ад адказу на гэтае пытанне будзе залежаць нашае зямное жыццё і вечнасць.

Дапамагчы даць згодны з Божым вучэннем адказ нам дапамагае святар як духоўны кіраўнік.

Езус як Добры пастыр адпраўляецца на пошукі заблукалых ягнят. Ён шукае духоўна хворых і алеем Божай ласкі лечыць іх раны. Ён таксама памірае за сваіх авечак. Падобна таму, як пастыры ў старажытнасці, рызыкуючы ўласным жыццём, абаранялі сваіх авечак ад дзікіх жывёл і злодзеяў, таксама і Езус памёр за грахі ўсіх людзей.

У сённяшнім Евангеллі Езус падкрэслівае, што святар — гэта пастыр, які па прыкладу Езуса жыве і дзейнічае для збаўлення людзей.

Кожны з нас атрымаў ад Бога сваё пакліканне і павінен яго выканаць згодна з Божай воляй. Касцёл жадае, каб мы былі Добрымі пастырамі і добрымі авечкамі, добрымі лідарамі і добрымі іх паслядоўнікамі.

Сённяшняя нядзеля Добрага пастыра — гэта добрая нагода спытацца ў сябе саміх, кім мы — біскупы, святары, кансэкраваныя асобы і свецкія вернікі — з’яўляемся? Якое нашае «духоўнае ДНК»? Ці яно адпавядае Божаму плану?

Сучасны свет перажывае небачаны крызіс пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця.

Мы цешымся, што з кожным годам у нас з’яўляюцца новыя касцёлы, якіх на самай справе яшчэ замала, асабліва ў вялікіх гарадах. Але праўда і тое, што адных касцёльных будынкаў недастаткова для збаўлення. У іх павінна абвяшчацца Божае слова, цэлебравацца Эўхарыстыя і іншыя сакрамэнты.

Усяго гэтага нельга ажыццявіць без сакрамэнтальнага святарства. Без яго касцёлы стануць музеямі, канцэртнымі і выставачнымі заламі ці чымсьці яшчэ.

Крызіс пакліканняў — гэта новая балючая рана на Містычным целе Хрыста, якую мы самі сабе наносім. Хрыстус кліча столькі святароў, колькі патрэбна. Але праблема ў тым, што ў гомане сучаснага свету з яго свецкімі і далёкімі ад духоўнасці прапановамі малады чалавек не чуе Яго голасу. А калі нават і чуе, то, захоплены справамі гэтага свету, не адказвае на яго.

Крызіс пакліканняў — гэта крызіс нашай хрысціянскай тоеснасці і адказнасці за Касцёл і яго будучыню.

Гэта таксама вынік адсутнасці захапляючага моладзь апостальскага энтузіязму ў нашых супольнасцях. Парафіі часта добра арганізаваныя, але пазбаўленыя духу. Там, дзе пульсуе духоўнае жыццё і жаданне несці Хрыста іншым, нараджаюцца сапраўдныя пакліканні, як кажа Папа Францішак.

Таму мы павінны няспынна маліцца аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця, а таксама быць апосталамі пакліканняў, каб у нас было больш добрых пастыраў, якія кіруюць, духоўна кормяць і абараняюць каталіцкую супольнасць.

Неабходна памятаць, што абавязак выхавання пакліканняў з’яўляецца клопатам усёй супольнасці веруючых. Шлях да яго выканання знаходзіцца перадусім у прыкладным хрысціянскім жыцці ўсіх нас.

Асаблівае значэнне мае сям’я.

Бацькі выхоўваюць пакліканні, ствараючы ў дамах атмасферу, прасякнутую хрысціянскімі каштоўнасцямі.

Яны павінны маліцца разам са сваімі дзецьмі аб пакліканнях і нагадваць ім пра святых пастыраў, місіянераў і кансэкраваных асоб. Такая атмасфера, а не толькі баўленне часу перад тэлевізарамі і смартфонамі, будзе спрыяць пакліканню.

Неабходна памятаць і пра святароў, якія служылі ў нашых парафіях і якіх Бог паклікаў да сябе. Памятаць асабліва пра тых, хто служыў у часы ганенняў на веру. У гадавіны іх смерці арганізоўваць адмысловыя набажэнствы, сустрэчы, вечарыны. Калі б не было іх, то не было б і нас. Сярод іх шмат сапраўдных герояў Панскай нівы. Іх жыццё і ахвярнае сужэнне павінна быць прыкладам для сучаснай моладзі.

Няхай малітва ўсёй супольнасці Касцёла, добры прыклад святароў і кансэкраваных асоб, пачуццё адказнасці за пакліканні ў вернікаў і асабліва ў сем’ях, жывая памяць пра памерлых слугаў алтара, а таксама дух апостальскага энтузіязму ў нашых парафіях дапамогуць пакліканым адказаць Езусу словамі прарока Ісаі: «Вось я, Пане, пашлі мяне» (пар. Іс 6,8).

На гэты шлях, даручаючы вас апецы Марыі — Маці святароў, — ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Святога Духа.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Старшыня Камісіі агульнага душпастырства
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 25 красавіка 2022 г., свята святога Марка Евангеліста

Абноўлена 06.05.2022 09:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця