1 мая ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаўся дыяцэзіяльны Дзень маці, падчас якога на пачатку Марыйнага месяца вернікі асаблівым чынам маліліся за ўсіх матуль.
З гэтай нагоды адмысловыя малітвы прайшлі ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі.
Адным з цэнтраў святкавання стаў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах, што на Ашмяншчыне.
У мясцовым касцёле захоўваецца адна з найбольш шанаваных на нашых землях з даўніх часоў цудадзейная ікона Маці Божай Барунскай.
Невыпадкова менавіта ў Баруны ў дыяцэзіяльны Дзень маці скіравалася група пілігрымаў з маладой смаргонскай парафіі святога Яна Паўла ІІ. На чале са сваім пробашчам ксяндзом Яўгенам Учкуронісам у пілігрымку да Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных адправіліся на аўтобусе ўдзельніцы парафіяльнай суполкі руху «Маці ў малітве» і іншыя вернікі.
Як адзначаецца на старонцы парафіі святога Яна Паўла ІІ ў Смаргоні ў сацыяльнай сетцы Vk, «кожны нёс да Яе свае сэрцы, свае інтэнцыі.
Неслі падзякі за сваіх матуль, жывых і памерлых, падзякі за дар мацярынства. Неслі просьбы і малітвы да Пана Бога праз заступніцтва Маці Божай Барунскай.
Верым, што наша Нябесная Маці занясе інтэнцыі да свайго Уваскрослага Сына.
Пане Божа, адары ўсімі патрэбнымі ласкамі нашых матуль, а тых, хто ўжо не з намі, прымі ў сваё Валадарства», — прасілі ўдзельнікі пілігрымкі ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных у Барунах.