«Звераполіс» — гэта дабрачынны праект дапамогі людзям, пераважна ў сельскай мясцовасці, які ўжо не першы год рэалізуе Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
Ён скіраваны на падтрымку шматдзетных, людзей з інваліднасцю, прыёмных сем’яў, пенсіянераў, няпоўных сем’яў.
Як паведамляецца на старонцы Caritas Мінск ў сацыяльнай сетцы Vk, праграма падтрымкі вяскоўцаў у гэтым годзе насычаная. Яна распачалася 28 красавіка з перадачы куранят-бройлераў.
У першы дзень «жывую дапамогу» атрымалі тры дзясяткі асоб у Бялынічах, Шклове,Чавусах, Крупках, Барысаве і Смалявічах.
Наступны этап дабрачыннай акцыі запланаваны на 16 мая.
Праект ажыццяўляецца пры падтрымцы Caritas дыяцэзіі Лінца (Аўстрыя).