Пошук

25.04.2022 12:46   Тэкст і фота: Валянціна Міхайлоўская / Catholic.by

24 красавіка, у нядзелю Божай Міласэрнасці, цэлебрацыю святой Імшы ў парафіі святога Юзафа ў Маладзечне ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, які напярэдадні адзначыў імяніны.

Маладзечанцы адмыслова запрасілі на свята Божай Міласэрнасці свайго ганаровага земляка, каб мець магчымасць асабіста яго павіншаваць.

Іерарх ахвотна прыняў запрашэнне наведаць малую радзіму, каб са свайго боку ўшанаваць і павіншаваць з днём нараджэння ксяндза прэлата Эдмунда Даўгіловіча-Навіцкага, шматгадовага пробашча маладзечанскай парафіі святога Юзафа.

Гэты заслужаны душпастыр у свой час паспрыяў духоўнаму развіццю будучага біскупа і падтрымаў яго на шляху распазнання паклікання да выключнага служэння Богу.

На пачатку святой Імшы намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алеся Лукоўская павіншавала ксяндза Даўгіловіча-Навіцкага з днём нараджэння, выказаўшы яму цёплыя словы падзякі і шчырых пажаданняў.

Прыгожым духоўным падарункам для ўсіх прысутных стала гамілія, якую прамовіў біскуп Касабуцкі. У скіраваным да землякоў Божым слове іерарх разважаў пра Божую Міласэрнасць, якая з’яўляецца найкаштоўнейшым дарам Нябеснага Айца сваім дзецям.

«Дар, які належыць кожнаму з нас, бо Езус прайшоў шлях кожнага з нас, каб разумець чалавека ў болю, радасці, выпрабаванні і нават здрадзе», — падкрэсліў біскуп.

На заканчэнне ён спаслаўся на Кнігу Мудрасці Сіраха, адзначыўшы, што мераю жыцця чалавека з’яўляецца не пражытая колькасць гадоў, а колькасць яго добрых учынкаў. Біскуп Касабуцкі заахвоціў вернікаў зрабіць для сябе належныя высновы і жыць згодна з гэтай Божай мудрасцю.

Пасля святой Імшы свае віншаванні і пажаданні біскупу і пробашчу выказалі дзеці, моладзь і прадстаўнікі парафіяльных супольнасцяў Маладзечна.

Абноўлена 25.04.2022 12:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.