Пошук

23.04.2022 18:12   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У суботу 23 красавіка, ва ўспамін святога Юрыя, мучаніка, у катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску разам маліліся Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і яшчэ пяцёра святароў-імяніннікаў.

У супольнай малітве разам з біскупам свае імяніны святкавалі асабісты сакратар Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага ксёндз Юрый Ясевіч, прэс-сакратар Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі кёндз канонік Юрый Санько, пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Радашковічах ксёндз канонік Юрый Быкаў і пробашч парафіі Божага Цела ў Мінску айцец Юрый Кулай OCD. Да іх далучыўся пробашч парафіі святога Казіміра ў Лагойску ксёндз Войцех Вальчына MSF, бо ў адзін дзень са святым Юрыем Касцёл успамінае таксама святога Войцеха (Адальбэрта), біскупа і мучаніка.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі бралі ўдзел Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек і яшчэ пятнаццаць святароў з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і з Гродзенскай дыяцэзіі, якія прыбылі павіншаваць імяніннікаў.

Вітаючы сабраных у галоўнай святыні Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і тых, хто духоўна да іх далучыўся з дапамогай анлайн-трансляцыі на партале Catholic.by, біскуп Касабуцкі сказаў: «Я дзякую ўсім, хто сёння прыйшоў у катэдру ў гэты дзень, калі Касцёл узгадвае ў літургіі святога Юрыя і святога Войцеха. Мы праз іх заступніцтва ўзносім нашыя малітвы.

Сёння мы вырашылі зрабіць „дзень імяніннікаў“ — дзень тых, хто носіць гэтыя імёны. <…> Мы збіраемся, каб разам падзякаваць Богу і папрасіць заступніцтва нашых святых, каб добры Бог нас благаславіў», — адзначыў іерарх, дадаўшы, што моліцца таксама за мір у свеце і аб спыненні вайны ва Украіне.

«Молімся аб супакоі і згодзе паміж людзьмі, аб супакоі ў нашых сэрцах і просім, каб святы Юрый, які, паводле яго жыццярысу, перамог цмока, перамог зло, заўсёды дапамагаў нам перамагаць зло, спакусы і набліжацца да Бога», — заахвоціў удзельнікаў святой Імшы біскуп.

Гамілію падчас Імшы прамовіў асабісты сакратар арцыбіскупа Станеўскага ксёндз Юрый Ясевіч.

Напачатку святар адзначыў, што святы Юрый з’яўляецца асаблівым апекуном Грэцыі, Англіі, Партугаліі, Літвы, Грузіі, а таксама заступнікам людзей многіх прафесій і ўсіх тых, хто носіць яго імя, у тым ліку Папы Францішка, чыё першае імя Хорхэ, атрыманае ім на хросце, з’яўляецца іспанскай формай імені Юрый.

Нагадаўшы, што святы Юрый быў адважным рыцарам, які панёс мучаніцкую смерць за веру, ксёндз Ясевіч заўважыў, што пра гэтага святога захавалася шмат легенд, але вельмі мала дакладных гістарычных звестак.

«Калі гісторыя скупая ў апісанні яго жыцця, то шматлікія легенды шчодра дапаўняюць партрэт яго асобы. Зыходзячы з гэтага, хацеў бы сённяшнія нашыя разважанні абаперці на духоўных атрыбутах святога Юрыя, якія вынікаюць з яго жыцця, учынкаў і мучаніцкай смерці. Святы Юрый увасабляе не толькі патрыятычныя, культурныя, літаратурныя або рыцарскія каштоўнасці, але перш за ўсё хрысціянскія, што для нас вельмі важна. Бо адкуль святы набраўся мужнасці змагацца з так званым „цмокам“, якога бачым на абразах і якога перамагае святы Юрый?

Дапамогай у адказе на гэтае пытанне могуць быць вядомыя нам словы Manere in Christo — „Трываць у Хрысце“, — якія мы можам знайсці у дэвізе на гербе біскупа Юрыя.

Дык адкуль жа набраўся мужнасці святы Юрый, каб не адрачыся ад Хрыста, калі стаяў перад небяспекай смерці? Менавіта з адносін з Панам Езусам, які напаіў яго „сокам жыцця“: „Я — вінаградная лаза, вы — галіны“», — нагадаў святар словы Евангелля паводле святога Яна, якія таксама знайшлі адлюстраванне ў гербе біскупа Юрыя Касабуцкага.

«Выснова для нас як Божага народа, а мы з’яўляемся Божым народам, — жыць у адзінстве з Хрыстом», — сцвердзіў ксёндз Юрый Ясевіч.

На заканчэнне Эўхарыстыі моладзь мінскай катэдральнай парафіі павіншавала біскупа і святароў, якія ў гэты дзень адзначалі свае імяніны. Пасля гэтага біскуп Касабуцкі згадаў кожнага з прысутных імяніннікаў, адзначыўшы іх руплівасць і адданасць справе служэння Касцёлу на ўзор іх святых апекуноў: святога Юрыя і святога Войцеха. У іерарха знайшлося, што сказаць пра заслугі кожнага з іх, а пра яго самога некалькі цёплых словаў сказаў прысутны ксёндз Юрый Санько.

Прэс-сакратар беларускага каталіцкага епіскапату зазначыў, што жыццё і служэнне біскупа Касабуцкага, які ніколі не імкнуўся да высокіх пасад, але заўсёды быў адданым слугою Хрыста, з’яўляецца прыкладам для ўсіх святароў.

Акрамя імяніннікаў, біскуп Юрый Касабуцкі скіраваў словы віншавання прысутнаму на святой Імшы ксяндзу прэлату Эдмунду Даўгіловічу-Навіцкаму, які праз два дні адзначыць свой дзень нараджэння.

 

Абноўлена 23.04.2022 18:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця