Напярэдадні Велікодных святаў выйшаў з друку новы нумар газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця». У красавіку выданне адзначае 25-годдзе існавання.
Як зазначае галоўны рэдактар газеты ксёндз Юрый Марціновіч, «мы жывем у смутныя часы і не ўпэўнены ў заўтрашнім дні, назіраючы за тым, што адбываецца з нашым братнім народам ва Украіне». Разам з тым уваскрасенне ў чарговы раз нагадвае пра перамогу любові над нянавісцю і прымірэння над падзеламі.
У гэтым нумар ідзе гаворка пра перспектыву надзеі на перамогу дабра над злом: хрысціянскую перамогу ў такі, здавалася б, «нехрысціянскі» час.
Пра цярпенне вядзецца размова з айцом Аркадзем Куляхам, кармэлітам босым. Манах з гудагайскага санктуарыя Маці Божай Шкаплернай адказвае на пытанні, як ставіцца да пакутаў, ці можна вайну ва Украіне разглядаць як Божае пакаранне ці шанц навяртання і як знаходзіць радасць у такіх сумных акалічнасцях.
Назарэтанка з Украіны сястра Францішка Туманевіч распавядае, як і чым жыве сёння Кангрэгацыя ў краіне, якая знаходзіцца пад штодзённымі абстрэламі. Размова з ёй ідзе пра штодзённасць, людскую салідарнасць, веру і прабачэнне: менавіта на яго перадусім скіравана ўвага.
«Прабачэнне павінна стаць нашым рашэннем, выбарам», — кажа сястра Францішка.
Пра дапамогу чалавеку, які трапіў у секту, піша псіхолаг ксёндз Павел Салабуда. Ад святара прапануецца сем першых парад для блізкіх і родных такой асобы.
Яна Чайко разважае пра прабачэнне непрабачальнага; пра тое, як не нішчыць сябе прагай помсты і не трымаць зла на таго, хто не просіць прабачэння.
Пра стэрэатыпы наконт метадаў распазнавання плоднасці піша Вераніка Рогач. Ці можа падвесці МРП? Ці можна давяраць гэтай методыцы? Аўтарка адказвае на асноўныя сумневы пачаткоўцаў.
Бажэна Панасевіч сабрала пяць парадаў, як знайсці тое, за што падзякаваць Богу, як радавацца з таго, што маеш, і разам з тым імкнуцца да лепшага і новага.
Рэдакцыя газеты з новага нумара прапануе новы фармат разважання над словам Божым. Грэка-каталіцкі святар айцец Андрэй Крот далучыўся да рэдакцыйнай каманды і рыхтуе каментары штомесяц. Святар разважае над Пісаннем з перспектывы ўсходняй духоўнасці. Гэтым разам яго допіс датычыцца Саборавання, што ў заходніх хрысціянаў называецца Сакрамэнтам хворых.
У гэтым месяцы газета «Слова жыцця» адзначае свой срэбны, 25-гадовы юбілей.
Рэдакцыя парталу Catholic.by шчыра віншуе гродзенскіх калегаў і жадае ім святла Уваскрослага Хрыста, каб з нястомнай руплівасцю абвяшчаць Слова Жыцця ўсім, хто яшчэ блукае ў цемры.