Пошук

11.04.2022 12:12   Паводле: realt.onliner.by / Фота: Максім Маліноўскі / realt.onliner.by / Catholic.by

У ноч з 9 на 10 красавіка ў Зембіне (Барысаўскі дэканат, Мінска-Магілёўская архідыяцэзія) абрынулася частка муроў старадаўняга касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Каталіцкая парафія ў мястэчку існуе з 1640 года; у 1640–1832 гады тут быў драўляны касцёл і дзейнічаў кляштар дамініканаў. Мураваны касцёл, пабудаваны 1798–1809 гадах у стылі «станіславаўскага класіцызму», у якім захаваліся пэўныя барочныя рысы, быў зачынены бязбожнай савецкай уладай у 1930-я гады і да нашых часоў дайшоў у напаўразбураным стане.

Як паведамляецца на realt.onliner.by, у ноч на Пальмовую нядзелю абрынулася частка бакавой сцяны старадаўняй святыні.

Як відаць на здымках з месца здарэння, пакуль захавалася фігура Маці Божай, усталяваная ў нішы на цэнтральным фасадзе, а таксама буслянка каля крыжа.

Так выглядаў касцёл да нядаўняга часу.

Старшыня Зембінскага сельсавета Людміла Гараднічук паведаміла Onliner, што для ацэнкі становішча помніка і вызначэння дзеянняў па прадухіленні непажаданых наступстваў яго далейшага разбурэння ў мястэчку чакаюць прадстаўнікоў Міністэрства культуры і МНС. Па словах старшыні, доступ да руін касцёла быў закрыты, а сельсавет падтрымліваў парадак усярэдзіне і звонку.

Касцёл у Зембіне ўключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Між тым сярод мясцовых жыхароў ходзяць чуткі, што фасад святыні плануецца кантралявана абрынуць усярэдзіну, бо, маўляў, пакінуць у цяперашнім стане небяспечна.

 

Абноўлена 11.04.2022 12:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа