Пошук

01.04.2022 10:25   Тэкст і фота: Марына Сінкевіч / Catholicnews.by

31 сакавіка ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце (Докшыцкі дэканат, Віцебская дыяцэзія) развіталіся са шматгадовым душпастырам гэтай парафіяльнай супольнасці братам Пятром Ясевічам, капуцынам.

Як нагадвае Catholicnews.by, у перыяд з 1988 па 2009 год святар быў пробашчам валкалацкай парафіі. Пазней з-за праблем са здароўем ён адышоў ад актыўнага душпастырства, але ажно да самай смерці жыў у Валкалаце, свае малітвы і цярпенні ахвяруючы за тутэйшых жыхароў.

Пётр Ясевіч нарадзіўся 29 чэрвеня 1941 года на Ашмяншчыне ў каталіцкай сям’і Браніслава і Ядвігі Ясевічаў. Пасля заканчэння сярэдняй школы праходзіў тэрміновую вайсковую службу. Пасля арміі пэўны час працаваў кіроўцам у будаўнічай арганізацыі.

Адчуўшы пакліканне да святарства, паступіў у духоўную семінарыю ў Рызе. У 1984 годзе падпольна ўступіў у Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў, прынёсшы ў Ліпнішках манаскія абяцанні.

Пасля заканчэння семінарыі 31 мая 1987 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне і быў скіраваны на служэнне ў парафію святога Андрэя, апостала, у Крывічах. З 1988 года нёс душпастырскае служэнне ў парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Валкалаце, у якой заставаўся пробашчам да 2009 года.

Брат Пётр Ясевіч — адзін з найстарэйшых святароў, які стаяў ля вытокаў адраджэння Касцёла ў Беларусі. Дзякуючы яму на нашай зямлі ў цяжкія гады савецкага пераследу не перарвалася існаванне манаскай супольнасці капуцынаў.

Цэлебрацыю пахавальнай святой Імшы ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Разам з ім маліліся арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, кусташ Беларускай кустодыі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў брат Андрэй Букштан OFMCap і сабраты капуцыны, а таксама іншыя святары, сёстры законныя, родныя і блізкія спачылага святара.

У гэты дзень у святыні было шмат вернікаў, якія прыйшлі падзякаваць свайму душпастыру за служэнне і вернасць пакліканню ажно да апошняга дня жыцця.

На пачатку Імшы біскуп Буткевіч падкрэсліў, што «айцец Пётр — чалавек, які, адкрыўшы святарскае пакліканне ў той нялёгкі час пераследу Касцёла, верна выканаў сваё святарскае заданне.

Сёння просім аб узнагародзе, бо ведаем і перакананыя, што яе заслужыў адданым святарскім жыццём, малітвай і цярпеннем», — дадаў кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Заслужаны іерарх адзначыў, што ў памяці вернікаў спачылы брат Пётр застанецца як чалавек, які абвяшчаў Божае слова простай мовай. Арцыбіскуп падкрэсліў, што нават у тыя часы, калі гэта было забаронена, да яго ўсе ішлі і хацелі слухаць. Паводле іерарха, гэта сведчыць аб тым, што яго вельмі любілі, што ён меў адкрытае сэрца, прамаўляў не толькі вуснамі, але і сэрцам.

«Вучыў як умеў, як мог, як дазвалялі гэта абставіны. Умеў знайсці слова для кожнага чалавека, і ў гэтым простым слове гучала Божае слова. Гэта вялікая адметнасць айца Пятра», — зазначыў арцыпастыр.

«Можна дзівіцца, як ён умеў кіраваць народам Божым: у любові і служэнні, не як валадар, як загадчык ці брыгадзір, але як той, хто наследаваў Езуса, бо Езус прыйшоў не для таго, каб яму служылі, але каб служыць. І гэтым самым ён заслужыў пашану ў людзей, пашану ў святароў, у сваёй манаскай супольнасці капуцынаў», — падкрэсліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На заканчэнне пахавальнай святой Імшы ўспамінамі пра жыццё, служэнне, пакору і малітву брата Пятра Ясевіча падзяліліся некаторыя прысутныя святары:

Пасля Імшы цела памерлага святара было пахавана каля касцёла, у якім ён больш за трыццаць гадоў служыў.

 

Абноўлена 01.04.2022 10:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа