25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, у гродзенскім рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі (пабрыгіцкі) адзначалася адпустовая ўрачыстасць, у якой узяў удзел Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Як паведамляе Grodnensis.by, на адпустовай cвятой Імшы прысутнічалі жыхары горада, мясцовае духавенства і студэнты Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.
Урачыстасць Звеставання ў Касцёле традыцыйна з’яўляецца таксама святам кансэкраваных асоб, якое адзначала і супольнасць правінцыйнага законнага дома Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта ў Гродне, што размяшчаецца побач са старадаўняй святыняй. Шматлікія сёстры гэтай супольнасці таксама ўдзельнічалі ў Эўхарыстыі.
Цэлебрацыю ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч, разам з якім Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч i святары.
Вітаючы прысутных, рэктар пабрыгіцкага касцёла ксёндз канонік Антоні Грэмза адзначыў, што ўрачыстасць, у якой успамінаецца таямніца Уцелаўлення Божага Сына, адносіцца да найстарэйшых і самых важных у Каталіцкім Касцёле, і заахвоціў да супольнай малітвы.
У гаміліі біскуп Буткевіч, кажучы пра таямніцу гэтага дня, разважаў аб каштоўнасці жыцця, якое з’яўляецца вялікім дарам Бога. Па словах іерарха, асабліва ў сённяшні складаны час, калі, найперш для нашага братняга народа ва Украіне, так не хапае супакою і еднасці, трэба цаніць кожную хвіліну жыцця і дзякаваць Богу за ўсе даброты і міласэрнасць.
Біскуп Віцебскі заахвоціў у час Вялікага посту не шукаць вінаватых у адсутнасці міру ў свеце, а перш за ўсё зірнуць на сваё жыццё, бо ад кожнага чалавека ў вялікай ступені залежыць тое, якім будзе свет і яго заўтрашні дзень.
На гэтай Імшы ў дзень даручэння Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі Украіны і Расіі асаблівым чынам маліліся аб міры ва ўсім свеце. На заканчэнне літургіі біскуп Буткевіч благаславіў дзве нядаўна зробленыя фігуры: святога Аўгустына, біскупа, і святога Грыгорыя, папы. Новыя фігуры былі змешчаны ў галоўным алтары, пабудаваным некалькі гадоў таму.