26 сакавіка рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства святога Францішка Сальскага» правяло другую «Аратарыяду» — салезіянскі аналаг Парафіяды, — у якой узялі ўдзел дзеці з пятага па сёмы клас з усіх салезіянскіх араторыяў Беларусі.
Спаборніцтвы адбываліся ў араторыі імя святога Яна Боско, які працуе пры парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.
На «Аратарыядзе» падлеткі выступалі ў васьмі дысцыплінах: настольны тэніс, настольны футбол, дартс, шашкі, спідкубінг, інтэлектуальны конкурс, гульня «Два капітаны» і спартландыя.
Варта адзначыць, што спорт з’яўляецца неад’емнай часткай салезіянскага выхавання. Яшчэ ў часы ксяндза Боско ў араторыі заўсёды адбываліся спартовыя гульні і спаборніцтвы. Святы апостал моладзі бачыў, што праз гульню можна шмат чаму навучыць маладых людзей, а таксама заваяваць іх сімпатыю. Таму спартовыя традыцыі рупліва працягваюць сучасныя салезіяне, у тым ліку і ў Беларусі.
Галоўнымі адказнымі за арганізацыю Аратарыяды былі ксёндз Алег Каралёў SDB і Аляксандр Манчак ASC. На спартовым свяце прысутнічаў таксама рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, які распачаў мерапрыемства з супольнай малітвы.
Ва ўпартай барацьбе перамогу атрымала каманда араторыя са Смаргоні, на другім месцы апынуліся пераможцы першай «Аратарыяды» — мінчане, а каманда араторыя з Бараўлянаў заняла трэцюю прыступку п’едэсталу.
Яшчэ аднаму ўдзельніку, камандзе з Дзятлава, не хапіла літаральна два балы, каб падзяліць трэцяе месца.
Пераможцы і ўдзельнікі атрымалі медалі і падарункі з рук святароў.
Асаблівым чынам былі адзначаны заслугі яшчэ адной вялікай каманды, якая дапамагала ў падрыхтоўцы і правядзенні «Аратарыяды». Гэта перадусім аніматары, кандыдаты, салезіяне супрацоўнікі, а таксама сёстры салезіянкі, якія як сапраўдныя заўзятары падтрымлівалі свае каманды падчас спаборніцтваў.
Пасля ўзнагароджання адбыліся таварыскія гульні «Два капітаны» паміж духавенствам, суддзямі і прадстаўнікамі каманд. Накал у гэтых гульнях быў не слабейшы, чым падчас асноўных спаборніцтваў «Аратарыяды». Перамогу здабылі святары і сёстры.
Дзеці, якія ўзялі ўдзел у «Аратарыядзе», казалі, што ў гэты дзень яны перажылі сапраўднае спартовае свята, атрымалі безліч эмоцый і знайшлі новых сяброў.
Віншуючы пераможцаў, арганізатары пажадалі ўсім удзельнікам поспехаў не толькі на спартовых пляцоўках, але і ў жыцці.