Пошук

26.03.2022 12:13   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Кацярына Ныркова / Catholic.by

25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў магілёўскім катэдральным касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава, дзе таксама прамовіў Чын прысвячэння Расіі і Украіны Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Адмысловае набажэнства з гэтай нагоды распачалося Крыжовым шляхам і працягнулася Эўхарыстыяй, якую разам з іерархам цэлебраваў дэкан Магілёўскі ксёндз Андрэй Кеўліч і вікарый катэдральнай парафіі ў Магілёве ксёндз Павел Сідарэнка. Нягледзячы на працоўны дзень, шматлікія магілёўскія вернікі ў адказ на запрашэнне Папы Францішка далучыцца да Чыну прысвячэння сабраліся ў старадаўняй магілёўскай катэдры, каб узяць удзел у супольнай малітве Касцёла.

У прамоўленым Божым слове біскуп Яшэўскі засяродзіўся на тым, наколькі важную ролю ў духоўным жыцці паасобных вернікаў і ўсяго Касцёла мае дапамога і заступніцтва Панны Марыі, якая вызваляе душы з цянётаў граху і вядзе іх да святасці.

«Калі б мы любілі Марыю так, як любілі Яе святыя, ужо ў гэтым жыцці заззяў бы ў нашай душы прамень нябеснага спакою», — сцвердзіў іерарх. Сваю гамілію ён завяршыў пажаданнем: «Дай Бог, каб нашыя малітвы да нашай Маці і Каралевы зыходзілі з любячага сэрца! Тады нашыя душы цешыліся б спакоем і спазналі б салодкае суцяшэння сярод усіх жыццёвых бед і ў хвіліну смерці».

На заканчэнне святой Імшы перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам біскуп Аляксандр Яшэўскі разам з Божым народам прамовіў Чын прысвячэння ўсяго свету, а асабліва Расіі і Украіны, Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця