Рэлігійная каталіцкая місія «Таварыства святога Францішка Сальскага» правяла трэцюю, заключную сустрэчу курса салезіянскага аніматарства ANIMA.
Удзел у сустрэчы, якая праходзіла з 18 па 20 сакавіка, бралі юнакі і дзяўчаты як з салезіянскіх парафій, так і з іншых парафіяльных супольнасцяў.
Мэта курса — навучыцца рэалізоўваць жаданне выхоўваць дзяцей і моладзь у салезіянскім стылі.
Сустрэча праходзіла ў мінскім араторыі святога Яна Боско, які дзейнічае пры сталічнай парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Серабранцы. Удзельнікі мелі магчымасць адарвацца ад сваёй штодзённасці і прысвяціць сябе малітоўным практыкам, майстар-класам, гульням і адпачынку. Адной з галоўных інтэнцый прысутных, якія перажывалі святую Імшу, Крыжовы шлях, адарацыю, малітву, літургію гадзінаў, быў мір ва Украіне.
Асноўнай тэмай працоўнай сустрэчы было больш глыбокае знаёмства з асобай святога Яна Боско, спроба паглядзець на свет яго вачыма. Моладзь на прыкладзе святога спрабавала ўявіць, як падчас вялікіх грамадскіх хваляванняў і хаосу, якія ў свой час перажывала Італія, можна заставацца верным евангельскім каштоўнасцям і працягваць ставіцца з любоўю і павагай да кожнага чалавека.
Юнакі і дзяўчаты разважалі над тым, як у сучасным свеце, поўным спакусаў, непаразуменняў, канфліктаў можна захаваць дабрыню сэрца.
Удзельнікам курса быў прапанаваны шэраг практычных парад. Яны вучыліся праводзіць салезіянскую асістэнцыю, весці працу ў групах, праводзіць гульні, захоўваць добрую атмасферу ў калектыве. Адбыліся і майстар-класы ад запрошаных спецыялістаў, якія навучылі ўдзельнікаў рабіць мантаж відэаролікаў і распавялі, на што ў першую чаргу трэба звяртаць увагу пры здымках. Другі спецыяліст падзяліўся вопытам працы з дзецьмі, якія маюць асаблівасці развіцця: як навучыцца правільна ставіцца да іх і іхніх сем’яў, не баяцца і дапамагаць ім быць больш уключанымі ў грамадства.
Завяршылася сустрэча падвядзеннем вынікаў і заклікам да рэалізацыі атрыманых ведаў на практыцы. Першымі нагодамі для гэтага стануць салезіянская моладзевая мерапрыемствы: евангелізацыйная пілігрымка і Don Bosco youth fest.
Інфармацыю пра мерапрыемствы можна атрымаць на сайце салезіянаў Дона Боско ў Беларусі sdb.by і на старонках супольнасці ў сацыяльных сетках.