З 18 па 20 сакавіка ў францішканскім кляштары пры касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы праходзілі велікапосныя рэкалекцыі для моладзі на тэму «Я ведаю, у каго паверыў».
На працягу трох дзён моладзь, якая прыехала на духоўныя практыкаванні з розных мясцін Беларусі, мела насычаную, але пры гэтым сбалансаваную праграму.
Малітвы, канферэнцыі, удзел у адарацыі і іншых набажэнствах чаргаваўся з рэкрэацыяй, дзе можна было пагутарыць, выпіць каву ці гарбату, прайсціся па мястэчку.
У праграме рэклекцый быў таксама час «пустыні» і цішыні для таго, каб пабыць сам насам з Богам, паразважаць над пытаннямі, якія хвалююць, скарыстацца сакрамэнтам споведзі і проста духоўна адпачыць. Супольныя вечары ў гасцінным францішканскім кляштары былі напоўнены сямейнай атмасферай еднасці і братэрства.
На аскетычных канферэнцыях айцец Віктар Мялешка OFMConv пазнаёміў маладых удзельнікаў рэкалекцый з крыжам касцёла святога Дам’яна. Гэты крыж вельмі цесна звязаны са святым Францішкам з Асізі, бо менавіта з малітвы перад ім распачалося яго навяртанне.
«Крыж з касцёла святога Дам’яна — гэта ікона, якая прадстаўляе Езуса трыумфуючага; укрыжаванага, але жывога і праслаўленага», — казаў святар, тлумачачы ўсе элементы гэтай святой выявы. Пачаўшы ад дызайна і значэння выбраных мастаком колераў, удзельнікі рэкалекцый даведаліся таксама пра паказаных на ім персанажаў і біблійскія сцэны, пазналі іх глыбокі рэлігійны сэнс. Увечары, калі ўсе мелі магчымасць бліжэй паразглядаць і пазнаёміцца з крыжам, адбылася адарацыя Крыжа з малітвай заступніцтва, падчас якой у касцёле многія адчулі прысутнасць і дзеянне Духа Святога.
У нядзелю на парафіяльнай святой Імшы ўсе ўдзельнікі заспявалі адмысловы гімн рэкалекцый, каб падзяліцца з вернікамі перажытым досведам і абвясціць, што яны сапраўды ведаюць, Каму паверылі, і перакананыя, што Ён мае моц захаваць гэту веру. Менавіта так гучыць рэфрэн рэкалекцыйнага гімна. Дзелячыся паміж сабою ўражаннямі, маладыя людзі адзначалі, што вельмі плённа перажылі гэтыя духоўныя практыкаванні, змаглі яшчэ больш наблізіцца да Бога, паглыбіць свае рэлігійныя веды, атрымаць палёгку ў такі складаны час і проста духоўна адпачыць і аднавіцца.
Наступныя рэкалекцыі для моладзі францішканская супольнасць плануе правесці ўлетку. Яны пройдуць з 3 па 7 жніўня ў Удзеле (Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён).
Акрамя таго, кожную першую сераду месяца ў 20.00 праводзяцца моладзевыя анлайн-сустрэчы на віртуальнай платфороме Zoom, на якія сардэчна запрашаюцца студэнты і працоўная моладзь.
Бліжэйшая сустрэча запланавана на 6 красавіка.
Падрабязную інфармацыю пра сустрэчы і рэкалекцыі можна знайсці:
- на старонцы ў сацыяльнай сетцы Instagram — @moladz_maryi
- па тэлефоне +375 (29) 772 56 78 — айцец Віктар Мялешка OFMConv.