17 сакавіка ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) прайшоў велікапосны дзень засяроджання і пастырская сустрэча святароў і кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
На сустрэчы духавенства, якая сабрала больш за сотню ўдзельнікаў з розных мясцін Мінскай і Магілёўскай вобласцяў, прысутнічалі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, а таксама Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек.
Дзень засяроджання распачаўся з супольнай малітвы Літургіі гадзінаў і аскетычнай канферэнцыі, якую прамовіў пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы ксёндз канонік Аляксандр Барыла. На прыкладзе прыпавесці пра таланты, якія гаспадар дома пакінуў сваім слугам, святар прапанаваў сабратам паразважаць над атрыманымі ад Хрыста дабротамі — пакліканнем і святарствам, моц якога вынікае з сакрамэнту пасвячэння, — а таксама над неабходнасцю даць адказ за тое, як гэтымі дарамі распарадзіліся і які плён атрымалі.
Пасля адарацыі, падчас якой была магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння, распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Станеўскі.
Вітаючы прысутных, арцыпастыр запрасіцў іх маліцца аб добрых плёнах Вялікага посту, а таксама аб міры ва ўсім свеце.
Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў біскуп Касабуцкі. У Божым слове іерарх звярнуў увагу на неабходнасць глыбей перажываць дар і таямніцу святарства ў малітве і блізкіх адносінах з Хрыстом, які з’яўляецца Найвышэйшым Святаром.
На заканчэнне святой Імшы святары выказалі віншаванне і найлепшыя пажаданні арцыбіскупу Станеўскаму з нагоды яго блізкіх імянінаў, якія арцыпастыр адзначыць 19 сакавіка, ва ўрачыстасць святога Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі.
У адказ іерарх у сваю чаргу павіншаваў сваіх цёзкаў, перадусім ксяндза Юзафа Пятушку МІС — найстарэйшага святара, які нясе служэнне ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Ён запрасіў прысутнае духавенства і кансэкраваных асоб бліжэй знаёміцца з асобай святога Апекуна Езуса Хрыста і паўсюднага Касцёла, чытаючы Апостальскі ліст Папы Францішка Patris corde, «Бацькоўскім сэрцам», прысвечаны святому Юзафу. Дзякуючы сваім супрацоўнікам на ніве Пана за руплівае служэнне і за ўдзел у дні засяроджання, арцыпастыр заахвоціў іх не губляць адвагі ў складанай сітуацыі. «Калі ў малітве даверым Пану Богу нашыя цяжкасці, якія Ён нам дае магчымасць дзеля чагосьці пераадолець, тады дакладна выйдзем з іх пераможцамі», — падкрэсліў арцыбіскуп, пасля чаго разам з іншымі біскупамі ўдзяліў прысутным пастырскае благаслаўленне.
Пасля Імшы адбылася сустрэча духавенства, на якой былі абмеркаваны арганізацыйныя справы жыцця і дзейнасці Мінска-Магілёўскага Касцёла. Распачалася сустрэча з уручэння дэкрэтаў новапрызначанаму Генеральнаму вікарыю архідыяцэзіі біскупу Яшэўскаму і новаму дэкану Магілёўскаму ксяндзу Андрэю Кеўлічу, пасля чаго канцлер Мітрапалітальнай курыі ксёндз канонік Дзмітрый Пухальскі зачытаў дэкрэт аб зацвярджэнні новага складу архідыяцэзіяльнай святарскай рады.
Першае яе пасяджэнне ў новым складзе адбылося пасля заканчэння агульнай сустрэчы.
Усіх удзельнікаў дня засяроджання ў Чырвоным касцёле шчодра пачаставаў гасцінны гаспадар, пробашч парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк. Акрамя таго, як душпастыр пчаляроў ён падараваў кожнаму ўдзельніку па тры вядзерцы смачнага мёду, каб сярод святарскіх абавязкаў, якіх асабліва шмат у перыяд Вялікага посту, маглі захаваць добрае здароўе, умацаваць сілы і не паддацца ніякім хваробам.
Наступная сустрэча духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе ў Вялікі чацвер.