Пошук

11.03.2022 13:02   Catholic.by
Фота: vrciro.org.ua

9 сакавіка Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацый скіравала Зварот да рэлігійных лідараў Рэспублікі Беларусь пра недапушчальнасць уцягвання беларускага войска ў вайну супраць Украіны.

У Звароце, апублікаваным на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах, адзначаецца, што «гэтая вайна прынесла Украіне шмат пакут, разбурэнняў, гібелі мірных жыхароў і дзяцей, а таксама вымусіла ратавацца ад абстрэлаў больш за два мільёны грамадзян Украіны, якія сталі бежанцамі».

«Асабліва балюча ўсведамляць, што ракетна-бомбавыя ўдары па мірных украінскіх гарадах Кіеўскай, Чарнігаўскай, Ровенскай і іншых вобласцяў, а таксама ўварванне сухапутных войскаў РФ на суверэнную тэрыторыю Украіны адбываюцца з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншым, яшчэ больш цынічным і жорсткім крокам можа стаць спроба ўцягнуць беларускае войска ў непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны <…>. Дзеля будучыні нашых народаў такога жахлівага развіцця падзей у аніякім разе нельга дапусціць», — падкрэсліваецца ў Звароце.

Яго аўтары асцерагаюць, што «ў выпадку далучэння войска Рэспублікі Беларусь да вайны супраць Украіны лавіна пакут накрые тысячы беларускіх сем’яў».

«Таму заклікаем вас, браты і сёстры па веры, праявіць страх перад Богам, Яго справядлівым і непазбежным судом, а таксама выкарыстоўваць свой аўтарытэт рэлігійных лідараў, каб не дапусціць уцягвання беларускага войска ў вайну супраць Украіны. Ад вашай міратворчай пазіцыі сёння залежаць тысячы жыццяў і надзея на хуткае завяршэнне цяперашняй вайны, якую развязала не Беларусь», — сказана ў дакуменце, які падпісаў Старшыня Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый, прэзідэнт Украінскага біблейскага таварыства Грыгорый Камендант.

Варта нагадаць, што ў сваім Звароце ад 3 сакавіка каталіцкія біскупы Беларусі ўжо выступілі з такой пазіцыі: «Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне».

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця