6 сакавіка, у Першую нядзелю Вялікага посту, у Стоўбцах адзначылі парафіяльны адпуст у гонар нябеснага апекуна мясцовай парафіі святога Казіміра.
Цэлебрацыю ўрачыстай святой Імшы з гэтай нагоды ў новазбудаваным стаўбцоўскім касцёле ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Разам з мясцовымі вернікамі на чале з іх пробашчам ксяндзом канонікам Ігарам Лашуком іерарх маліўся аб міры і братэрстве ў Беларусі і ва ўсім свеце.
У сувязі са складанай міжнароднай абстаноўкай і драматычнай сітуацыяй ва Украіне запланаваная на гэты дзень святочная праграма фэсту «Стаўпецкія Казюкі» была адменена. Арганізатары спадзяюцца правесці фэст у гонар святога апекуна стаўбцоўскай парафіі ў наступным годзе.
Ксёндз Лашук уручыў арцыбіскупу Станенўскаму выяву айца Фабіяна Малішоўскага, дамініканіна, які ў сярэдзіне XVII стагоддзя быў прыёрам дамініканскага кляштара ў Стоўбцах. Менавіта пры ім у горадзе быў пабудаваны мураваны касцёл святога Казіміра. Айцец Фабіян памёр у меркаванай святасці і быў пахаваны ў крыпце пабудаванай ім святыні. Як сведчаць гістарычныя дакументы, на месцы пахавання манаха адбываліся цуды, што давала падставы для распачацця яго беатыфікацыйнага працэсу.
Нядаўна парэшткі айца Фабіяна Малішоўскага былі адшуканыя ў Стоўбцах на месцы, дзе калісьці ўзносіўся касцёл святога Казіміра, зруйнаваны ў савецкія часы.
Мясцовыя вкрнікі на чале са сваім пробашчам клапоцяцца пра ўшанаванне памяці айца Фабіяна і прыкладаюць намаганні для таго, каб яго беатыфікацыя калісьці стала магчымай.