Пошук

07.03.2022 13:32   Тэкст: Дар’я Семянько / Фота: Міхаіл Маісееў / Catholic.by

5 сакавіка Біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB наведаў магілёўскую парафію святога Казіміра і святой Ядвігі, дзе ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў гонар нябеснага апекуна гэтай каталіцкай супольнасці ў горадзе на Дняпры.

У прамоўленай гаміліі біскуп Яшэўскі напачатку адзначыў, што сёння, калі свет ускалыхнулі падзеі вайны ва Украіне, востра паўстала пытанне аб тым, як жыць мудра ў свеце, які грэбуе мудрасцю. Паводле іерарха, на гэтае пытанне, як і на большасць іншых, адказвае Святое Пісанне, асабліва Кніга Мудрасці, якая паказвае мудрасць як найвышэйшую каштоўнасць і супастаўляе з ёй розныя іншыя каштоўнасці, да якіх імкнецца свет, даказваючы, што мудрасць з із усіх найбольш каштоўная.

«Па-першае, у ёй прадстаўлены скіпетр, што з’яўляецца сімвалам усялякай улады, якая дазваляе аднаму чалавеку кіраваць іншымі людзьмі, пачынаючы з бацькоўскай або мацярынскай улады дома ажно да ўлады кіраўнікоў, дырэктараў, ваяводаў, міністраў, генералаў і прэзідэнтаў.

Мудрасць даражэйшая за ўладу, бо мудрасці абсалютна не патрэбна ўлада», — падкрэсліў біскуп Яшэўскі.

Другая каштоўнасць, пра якую ідзе гаворка, гэта слава, але мудрасць даражэйшая і за яе. Іншыя пералічаныя каштоўнасці — багацце, здароўе, прыгажосць — хоць і з’яўляююца важнымі ў жыцці чалавека, але таксама не даражэйшыя за мудрасць.

«На вяршыні іерархіі каштоўнасцяў сучаснага чалавека знаходзіцца выгода, уласная карысць, якая не лічыцца з іншымі. Так выглядае іерархія каштоўнасцяў многіх нашых сучаснікаў і нават блізкіх людзей. Гэта так, і мы гэтага не зменім, мы не можам гэтаму здзіўляцца.

Гэта будзе працягвацца, бо мы жывем у такім свеце, які адмаўляецца ад Бога, Яго запаведзяў і каштоўнасцяў», — адзначыў іерарх.

Ён дадаў, што ў мудрага чалавека ўжо ўсё ёсць. «Нават калі ён чагосьці не возьме, дык зробіць гэта таму, што ён мудры, бо навошта браць непатрэбнае. Навошта прыносіць дадому тое, чым не будзеш карыстацца два ці тры гады? Для чаго? Мудры чалавек мае ўсё: і багацце, і грошы, і славу».

Напрыканцы гаміліі пастыр заахвоціў вернікаў імкнуцца не належаць да нямудрых людзей, якіх, на жаль, большасць.

«Калі свет хоча быць усё больш дурным, дык няхай будзе. Мы не можам гэтаму супрацьстаяць, бо мы не пакліканы ўздымаць узровень гэтага свету. Але мы пакліканы, праходзячы шляхамі гэтага жыцця, напоўніць свае сэрцы сапраўднай мудрасцю і здабыць жыццё вечнае праз годнае жыццё на гэтай зямлі», — сцвердзіў біскуп Яшэўскі.

Перад благаслаўленнем ён распавёў пра ініцыятыву, прапанаваную членамі «Легіёна Марыі» катэдральнай парафіі.

«8 сакавіка ў капліцы Маці Божай Бялыніцкай адбудзецца Адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту ў інтэнцыі спынення вайны ва Украіне і аб тым, каб нашая краіна не прымала ўдзел у гэтай вайне.

Пачатак адарацыі пасля Імшы на 9.00, завяршэнне ў 18.15. Запрашаю ўсіх вернікаў Магілёва на адарацыю, тым больш, што гэта вольны дзень з прычыны свята жанчын.

А што нам святкаваць, калі побач з намі вайна, смерць, плач і цярпенне нявінных?..» — задаў рытарычнае пытанне біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Абноўлена 07.03.2022 13:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа