Пошук

04.03.2022 17:49   Catholic.by

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
«Пачуй, Божа, маю просьбу, прыслухайся да маёй малітвы…»
Пастырскае пасланне на Вялікі пост 2022 года

Умілаваныя браты ў біскупскім і святарскім служэнні, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, людзі добрай волі!

На пачатку Вялікага посту 2022 года вітаю вас і звяртаюся словамі закліку псальміста:

«Пачуй, Божа, маю просьбу, прыслухайся да маёй малітвы» (Пс 61 [60], 1).

Сучасны свет, а разам з ім і мы перажываем нялёгкі час. Калі мы чуем пра выпрабаванні, пра цярпенні, або калі пастыры звяртаюцца да вас згодна з вучэннем Касцёла на пачатку Вялікага посту і заахвочваюць да навяртання і пакаяння, то міжволі хтосьці можа ўсклікнуць: «Божа, ратуй нас ад цярпенняў, якія сустракаюцца ў гэтым зямным жыцці і ў гэты няпросты час!»

Час Вялікага посту — гэта час Божай ласкі, магчымасць засяродзіцца на дыялогу з Панам Богам, паразважаць пра сваё жыццё, пра пакліканне і пра тую місію, якую Божы Провід даручае нам на час нашай зямной пілігрымкі. На нашае пытанне «навошта?» мы знаходзім адказ самога Бога ў Кнізе прарока Ісаі: «Крычы на ўсю моц, не стрымлівайся. Падымі голас свой, быццам рог, і раскажы народу Майму пра іхнія злачынствы і дому Якуба — пра яго грахі» (Іс 58, 1). Як бачым, Бог заклікае да пакаяння, звяртаецца да чалавечага сумлення, патрабуе выпраўлення нашага жыцця і жадае сустрэцца з намі. Таму святы Папа Клімэнт у свой час заахвочваў вернікаў Касцёла ў перыяд Вялікага посту словамі: «Давайце пройдзем па ўсіх этапах гісторыі і зразумеем, што ў кожным пакаленні Пан даваў магчымасць раскаяцца тым, хто хацеў да Яго вярнуцца». «Ці ж Я жадаю смерці грэшніка, — кажа Пан Бог, — а не таго, каб адвярнуўся ад шляхоў сваіх і жыў?» (Эзх 18, 23)

Браты і сёстры, будзем жа пакорныя духам, адкідаючы ўсялякую пыху і ганарлівасць, неразважлівасць і гнеў.

Будзем рабіць тое, да чаго заклікае любоў Бога, бо так кажа Дух Святы: «Няхай мудрэц не хваліцца мудрасцю сваёю, ды асілак — сілаю сваёю, багаты — сваім багаццем; але калі хто хваліцца, няхай хваліцца тым, што ён разважлівы і пазнае Пана, бо Пан чыніць міласць, суд і справядлівасць на зямлі» (пар. Ер 9, 23–24; пар. 1 Кар 1, 31).

Умілаваныя, хоць мы ўвесь час павінны жыць па-хрысціянску, цяпер трэба быць яшчэ больш руплівымі і адданымі, каб выканаць апостальскі звычай саракадзённага посту не толькі праз абмежаванне ў ежы, але ў першую чаргу праз барацьбу з заганамі, малітву і міласціну. Таму, як раіць Езус, «намасці галаву сваю і абмый свой твар, каб паказаць, што посціш, не людзям, але Айцу твайму, які ў таемнасці. А твой Айцец, які бачыць патаемнае, аддасць табе» (Мц 6, 17–18).

Святы Францішак Сальскі пісаў да Філатэі, што Бог, ствараючы свет, загадаў раслінам прыносіць плод «паводле роду свайго» (Быц 1, 11), і тое ж самае Ён загадвае хрысціянам — жывым раслінам Касцёла, — каб яны прыносілі плён пабожнасці ў адпаведнасці са сваім станам і пакліканнем. Таму кожны павінен па-свойму развіваць пабожнасць — рознаю яна будзе ў рамесніка і ў валадара, удавы, незамужняй або замужняй жанчыны. На думку святога Францішка Сальскага, трэба, каб кожны развіваў пабожнасць ў адпаведнасці са сваімі сіламі, заняткамі і абавязкамі.

Следам за святым Базылём Вялікім зазначым, што перад тым, як Бог даў нам запаведзі, мы атрымалі ад Яго сілы і здольнасць выконваць іх. Таму мы не павінны наракаць, што ад нас патрабуецца нешта надзвычайнае, і не можам ганарыцца тым, што нібы аддаем нешта большае, чым атрымалі. Калі мы правільна і належна выкарыстоўваем дадзеныя нам сілы, то нашае жыццё будзе пабожнае, аздобленае цнотамі; а калі ўжываем іх неадпаведным чынам, то можам трапіць у путы заганаў.

Дарагія вернікі, перад намі — час выпрабавання, час, каб выправіць нашае жыццё — духоўнае і маральнае, сямейнае і грамадскае.

І хоць многія з нас ужо сёння гатовыя паўтарыць за Сымонам (Пятром): «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць» (Лк 22,33), усё ж прыслухаемся да словаў Хрыста, сказаных Апосталу, бо гэта датычыцца таксама і нас: «Я папрасіў за цябе, каб не знікла вера твая» (Лк 22, 32). Як вучням перад падзеямі на Аліўнай гары, так і нам Езус сёння паўтарае: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе» (Лк 22, 40).

Умілаваныя браты і сёстры, заахвочваю вас да малітоўнай засяроджанасці, да практыкі супольнай малітвы ў сем’ях, на працы і ў іншых месцах вашага прабывання. Мы, людзі ХХІ стагоддзя, мала молімся, мала адкрываем свае сэрцы на ласку Пана, мала разважаем перад абліччам Бога над сваім пакліканнем, над мэтаю свайго жыцця. Мы не размаўляем і не раімся з Езусам пра шляхі вырашэння нашых праблем, пра выйсце з пэўнай складанай сітуацыі. Сёння мы больш патрабавальныя і свавольныя, мы ўвесь час кудысьці спяшаемся і часта выказваем незадаволенасць Божым планам у нашым жыцці. Езус жа перад сваёю мукаю, перад адкупленнем свету на дрэве крыжа шчыра маліўся. Як запісаў для нашчадкаў святы евангеліст Лука, «моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш» (Лк 22, 44). А вучняў, якія не вытрывалі ў малітве нават адну гадзіну, Хрыстус дакараў: «Чаму вы спіце?» (Лк 22, 46). Сапраўды, як зазначаў святы Ян Хрызастом, «заставацца ў целе — гэта барацьба».

Малітва — гэта найвялікшае дабро, бо яна вядзе да еднасці з Богам. Аб гэтым добра ведалі нашыя продкі, таму перыяд Вялікага посту заўсёды быў асаблівым часам малітвы: у нас захавалася традыцыя кожную пятніцу праводзіць набажэнства Крыжовага шляху; кожны дзень, асабліва ў нядзелю, мы спяваем Песні жальбы, мы ўдзельнічаем у рэкалекцыях і прыступаем да святой споведзі. Аднак хочацца заахвоціць вас, дарагія вернікі, не толькі да такіх набажэнстваў, якія прадпісаныя на пэўны перыяд літургічнага года, але і да малітвы, якая няспынна працягваецца ў чалавечым сэрцы ўдзень і ўначы. Наш дух павінен быць звернуты да Бога не толькі падчас набажэнства, але і тады, калі мы выконваем свае абавязкі, калі апякуемся беднымі, хворымі, зняволенымі, бяздомнымі і бежанцамі, бо, як слушна заўважыў святы Ян Хрызастом, малітва — гэта святло душы, сапраўднае пазнанне Бога. Чалавечы дух, узнесены ў малітве, дасягае нябеснай вышыні і трапляе ў абдымкі Бога; як немаўля, што кліча плачам сваю маці і п’е матчына малако, так і чалавек узносіць да Пана свае прагненні і атрымлівае дары, непараўнальныя з усялякаю бачнаю рэчаіснасцю.

Малітва — гэта праява невымоўнай любові, што паходзіць не ад чалавека, але вынікае з Божай ласкі, пра якую кажа Апостал: «Мы не ведаем, аб чым трэба маліцца, але сам Дух заступаецца за нас стагнаннямі невымоўнымі» (Рым 8, 26).

Дарагія браты і сёстры, шчыра аддаючыся малітве, упрыгожвайце свае дамы ўмеркаванасцю і пакораю, рабіце так, каб яны заззялі святлом справядлівасці і прабачэння, паяднання і згоды.

Як золатам, упрыгожвайце свой дом добрымі ўчынкамі, а замест муроў і камянёў аздабляйце верай, велікадушнасцю і міласцінай. Акрамя ўсяго гэтага, няхай малітва стане вянцом у будоўлі дому, які вы рыхтуеце для Пана Бога. Бо ў гэтым доме — у доме чалавечага сэрца — мы прымем і сустрэнем уваскрослага Пана, вобраз якога ўжо маем у святыні сваёй душы дзякуючы Яго ласцы.

На гэты саракадзённы час ласкі, на благаслаўлёны час засяроджанай малітвы — дыялогу з Богам — давяраю ўсіх вас апецы Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Збаўцы нашага Езуса Хрыста, заступніцтву святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, і ад усяго сэрца благаслаўляю у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 Мінск, 14 лютага 2022 года, свята святых Кірыла, мніха, і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця