У нядзелю 26 лютага ў араторыі імя святога Яна Боско, які дзейнічае пры сталічнай парафіі святога Яна Хрысціцеля, адбыўся дзень салезіянскай духоўнасці.
На сустрэчу былі запрошаны прадстаўнікі кожнай з галін салезіянскай сям’і, а таксама аніматары. На працягу гэтага дня салезіяне разважані над дэвізам Генеральнага настаяцеля салезіянскага таварыства на бягучы год:
«Рабіце ўсё з любові і нічога праз сілу».
На пачатку сустрэчы да сабраных звярнуўся рэгіянальны настаяцель салезіянскага таварыства ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB. Святар прывітаў удзельнікаў сустрэчы, пажадаў добрай і плённай працы і прапанаваў пачаць працоўную праграму з малітвы аб міры і супакоі ва Украіне.
Пасля малітвы адбылася тэатральная пастаноўка, падчас якой на сцэну выйшлі дзве галоўныя асобы, звязаныя з сёлетнім дэвізам: Францішак Сальскі і ксёндз Боско. Яны ў форме дыялогу аднавілі ў памяці прысутных асноўныя факты са сваёй біяграфіі, якія сталі асноўнымі натхняльнымі пунктамі для дэвізу. Потым адбыўся непасрэдны прагляд самаго дэвізу на беларускай мове і разбор сімвалізму плакатаў дэвізу, які прадставіў генеральны дом.
У другой частцы салезіяне працавалі над дакументамі, на якія абапіраўся Генеральны настаяцель, распрацоўваючы дэвіз. Каманды акрэслівалі канкрэтныя крокі, як сёння ў нашай сучаснасці і рэчаіснасці мы можам несці святло Евангелля з любоўю.
Сюрпрызам дня салезіянскай духоўнасці стаў спектакль-драма «Святар», падрыхтаваны ксяндзом Артурам Ляшнеўскім SDB і сястрой Юляй Клявец FMA, а таксама дзецьмі і моладдзю з мінскага араторыя.
Спектакль распавядае пра жыццё і мучаніцкую смерць ад рук нацыстаў салезіянскага святара Уладзіслава Вячорка, які працаваў на нашых землях у такі складаны і страшны гістарычны перыяд. Спектакль стаў выразам павагі і ўдзячнасці сённяшніх салезіянаў да сваіх папярэднікаў і ставіўся з нагоды святкавання стагоддзя прысутнасці салезіянскага таварыства на беларускай зямлі.
Завяршылася сустрэча святой Імшой у інтэнцыі міру ва Украніне. Цэлебрацыю ўзначаліў ксёндз Віктар Гайдукевіч. З гаміліяй да прысутных звярнуўся дырэктар салезіянскай супольнасці ў Мінску ксёндз Аляксандр Мятліцкі SDB.
Святар разважаў над нядзельным Евангеллем і прыведзенымі ў ім словамі Езуса, які запрашае сваіх вучняў паглядзець на свет Ягонымі вачыма. Ппаводле святара, гэта павінен зрабіць кожны чалавек, у тым ліку прадстаўнікі ўлады Расіі і Украіны.
Святар асцярог ад спакусы ісці шляхам фарысеяў, шукаючы недахопы ў іншых, і заахвоціў перадусім звярнуць увагу на ўласныя недасканаласці і старацца пазбавіцца ад іх, а таксама вучыцца любіць: любіць так, як вучыць Езус Хрыстус.
Напрыканцы святой Імшы да сабраных звярнуўся ксёндз Віктар Гайдукевіч і падзякаваў кожнаму за супольна перажыты дзень салезіянскай духоўнасці. Ксёндз дэлегат пажадаў, каб спектакль, пра мужнага святара не заставаўся выключна тэатральным відовішчам, але быў своеасаблівым рахункам сумлення, бо яго галоўны герой, ксёндз Уладзіслаў, не адступаў ад Бога і ад праўды, нягледзячы на выпрабаванні і страх, і гэта павінна стаць прыкладам і арыенцірам для кожнага члена салезіянскай сям’і.