Пошук

23.02.2022 13:47   Catholic.by

22 лютага, у свята Катэдры святога апостала Пятра, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўзначаліў у мінскім катэдральным касцёле цэлебрацыю святой Імшы ў інтэнцыі Папы Францішка.

Іерарх маліўся за сённяшняга Пантыфіка — Пятра нашага часу, а таксама за яго папярэдніка, Папу эмерыта Бэнэдыкта XVI. Разам з тым арцыпастыр узносіў да Бога малітвы за духавенства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і аб новых пакліканнях.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі заўважыў, што свята Катэдры святога Пятра адзначаецца 22 лютага ўжо з IV стагоддзя як сімвал адзінства Касцёла, заснаванага, як на скале, на асаблівым служэнні апостала Пятра. Гэтаму папярэднічала пакліканне рыбака Сымона, якому Збаўца дае імя Пётр, «скала», і надзяляе яго ўладаю кіравання Касцёлам. Звяртаючыся да прысутных у галоўным касцёле архідыяцэзіі і тых, хто да іх далучыўся з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by, арцыбіскуп нагадаў тое, што казалі пра пакліканне наступнікі святога Пятра Бэнэдыкт XVI і Ян Павел ІІ.

Маючы на ўвазе пакліканых, іерарх падкрэсліў, што Касцёлу ў Беларусі патрэбныя сведкі веры.

«Давайце ж будзем сведкамі жывой веры! Будзем паважаць і любіць нашую паслугу! Давайце будзем так, як нас заахвочвае Папа Францішак, падчас кожнай святой Імшы браць “на свае плечы давераны нам народ і несці яго імёны, запісаныя ў сэрцы“, а асабліва тыя імёны, якія Хрыстус, Добры Пастыр, адзначыў харызмай святарскага і манаскага паклікання», — заклікаў арцыпастыр усіх святароў архідыяцэзіі.

Ён таксама заахвоціў вернікаў да малітвы за Святога Айца Францішка, які ад імя Хрыста, Найвышэйшага Настаўніка і Пастыра, ex cathedra (з катэдры) сёння абвяшчае Касцёлу ў свеце каталіцкае веравучэнне.

«Няхай Хрыстовы зварот „Супакой вам“, які біскуп Рыма Папа Францішак кіруе „гораду і свету“, сёння будзе пачуты ўсімі адрасатамі, дачакаецца станоўчага адказу і будзе перададзены адзін аднаму як знак трывалага супакою», — сказаў на заканчэнне біскуп Юзаф Станеўскі.

Абноўлена 23.02.2022 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа