Пошук

22.02.2022 15:47   Паводле: Grodnensis.by / Фота: с. Ірэна Барцэвіч FMA / Grodnensis.by

20–21 лютага ў Гродне адбылася сустрэча катэхетаў: святароў, сясцёр законных і свецкіх асоб, якія займаюцца катэхізацыяй на тэрыторыі Гродзенскай дыяцэзіі.

Як паведамляе Grodnensis.by, у сустрэчы, арганізаванай Аддзелам каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі, удзельнічала больш за 40 чалавек.

У сувязі з Сінодам на тэму сінадальнасці, які праходзіць у Касцёле, канферэнцыі, якія прамовіў ксёндз Віктар Бохан CSsR з Мінска, былі прысвечаны гэтай тэматыцы. Святар рэдэмптарыст растлумачыў асноўныя паняцці, звязаныя з Сінодам, і ўказаў на праблемы, з якімі сутыкаецца супольнасць Касцёла. Ён узгадаў словы Папы Францішка, па ініцыятыве якога распачаўся Сінод.

Дакладчык падкрэсліў, што сінадальны шлях — гэта шлях, якога Дух Святы жадае для Касцёла ў новым тысячагоддзі.

Таму Сінод — выключны час, каб разам распазнаваць, узрастаць і развівацца, ставячы ўсё новыя пытанні і разам адказваючы на выклікі нашага часу, нашай супольнасці і рэгіёну.

Таксама святар адзначыў, што ўсе мы з’яўляемся ў Касцёле вучнямі і застаемся імі заўсёды, на працягу жыцця; акрамя таго, усе мы місіянеры, кожны ў тым месцы, якое Пан яму вызначыў. Нават самы найменшы з’яўляецца місіянерам, а той, хто здаецца найбольшым, таксама з’яўляецца вучнем.

Па словах ксяндза Бохана, хрост — фундамент жыцця кожнага чалавека, найцудоўнейшы дар Бога, пачатак новага жыцця як Божых дзяцей. Таму ён заахвоціў прысутных катэхетаў, каб іх штодзённае жыццё і адносіны з людзьмі заўсёды былі сведчаннем прыналежнасці Богу, які з’яўляецца нашым Айцом.

У межах сустрэчы катэхеты выслухалі інфармацыю аб катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі ў бягучым годзе. Закраналіся таксама актуальныя праблемы катэхізацыі ў дэканатах дыяцэзіі. Прысутныя разам разважалі аб планах на будучыню.

Сустрэча скончылася святой Імшой у рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі. Эўхарыстыю цэлебраваў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

У гаміліі, якая стала заключэннем двухдзённай сустрэчы катэхетаў, ксёндз Віктар Бохан перасцярог ад таго, каб занадта захапляцца сабой, і нагадаў, як важна не забываць, што ўсё трэба даручаць Езусу.

Святар заклікаў старацца кожны дзень быць вучнямі-місіянерамі для дзяцей і моладзі, якім катэхеты служаць, і заўсёды быць побач з Хрыстом.

Біскуп Аляксандр Кашкевіч на заканчэнне падзякаваў усім катэхетам за прыбыццё на фармацыйную сустрэчу і за іх такое патрэбнае штодзённае служэнне ў мясцовым Касцёле.

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне таксама выказаў словы ўдзячнасці ксяндзу Віктару Бохану за дзяленне сваёй верай і правядзенне сустрэчы і Аддзелу каталіцкага навучання і выхавання Гродзенскай дыяцэзіяльнай курыі на чале з яго дырэктарам ксяндзом Андрэем Шчупалам CSsR за яе арганізацыю.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа