Пошук

17.02.2022 09:09   Паводле: БЕЛТА / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

У другой палове дня 15 лютага адбылася сустрэча прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі са Старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандрам Турчыным.

У сустрэчы з кіраўніком сталічнага рэгіёна ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч, мітрапаліт Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі і пробашч парафіі святога Казіміра ў Стоўбцах ксёндз канонік Ігар Лашук.

Пра вынікі сустрэчы нунцый Ёзіч распавёў БелТА.

«Сёння быў мой першы візіт да Старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта. Мы абмеркавалі шэраг пытанняў, у тым ліку касцёлы ў Стоўбцах і Будславе.

Святыня ў Будславе важная не толькі для нас, але і для ўсёй Беларусі. Абмеркаванне яго аднаўлення пасля пажару было адной з тэм нашай сустрэчы.

Яшчэ адна мэта майго візіту <…> — абмеркаванне [магчымай] кананізацыі манаха дамініканіна Фабіяна Малішоўскага», — паведаміў прадстаўнік Папы Францішка ў нашай краіне.

У аблвыканкаме ён таксама распавёў, на якім этапе знаходзіцца праект аднаўлення касцёла, рэалізацыя якога зойме працяглы час і будзе патрабаваць вялікіх сродкаў.

«Што датычыцца Будслава, то цяпер ідзе падрыхтоўка праекту адбудовы касцёла пасля пажару. Святыня знаходзіцца ў вартым жалю стане. Вельмі моцна пацярпелі і роспісы, і дах, таму распачаць рамонт без гатовага праекту па аднаўленні немагчыма. Можна сказаць, што ў адбудове зацікаўлены многія ўстановы. Мы шукаем будаўнічыя арганізацыі, гатовыя выканаць такую няпростую працу.

Само аднаўленне можа заняць нямала часу, таму што трэба аднавіць не толькі фасад, але і роспісы», — падкрэсліў Апостальскі нунцый.

Прадстаўнік Святога Айца выказаў надзею на тое, што гэтая сустрэча са Старшынёй Мінскага аблвыкакама дасць пачатак працягламу і плённаму супрацоўніцтву.

«Наша сустрэча — толькі пачатак супрацоўніцтва. Яно пойдзе на карысць не толькі Касцёлу або Мінаблвыканкаму, але і ўсяму беларускаму народу. Сёлета мы будзем адзначаць 30 гадоў [з часу ўсталявання дыпламатычных] адносін паміж Ватыканам і Беларуссю.

Нас цікавіць перспектыва развіцця дыялогу, згоды, міру. Цяпер у гэтым маюць патрэбу многія краіны. І нашая задача — развіваць гэты кірунак», — сцвердзіў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч.

Аляксандр Турчын, са свайго боку каментуючы сустрэчу з прадстаўнікамі Касцёла карэспандэнту БелТА, зазначыў, што Будслаў у перспектыве можа стаць цэнтрам рэлігійнага турызму ў сталічным рэгіёне.

«На тэрыторыі Мінскай вобласці ёсць, на маю думку, такі знакавы для ўсёй краіны аб’ект, як будслаўскі касцёл. Яшчэ ў 2012 годзе мы ўкладалі немалыя грошы ў рамонт гэтага архітэктурнага помніка.

Сёння мы з нунцыем абмяркоўвалі не толькі пытанні захавання касцёла, але і саму перспектыву зрабіць Будслаў магчымым цэнтрам турызму ў Мінскай вобласці. Мы дамовіліся ў бліжэйшы час з’ездзіць туды, каб разумець, у якім кірунку рухацца», — сказаў старшыня Мінаблвыканкама.

Паводле яго, адносіны дзяржавы, Мінскага абласнога выканаўчага камітэта з Касцёлам пазітыўныя. «Я веру, што мы можам прынесці адно аднаму шмат карысці. Адно з першых запланаваных намі мерапрыемстваў — перанос парэштак Фадіяна Малішоўскага ў касцёл у Стоўбцах. Гэта значная падзея як для Мінскай вобласці, так і для вернікаў усёй Беларусі», — падкрэсліў Аляксандр Турчын.

Як выглядае Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай сёння — у спецыяльным фотарэпартажы Віталія Палінеўскага.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.