У чарговым нумары газеты Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця» друкуюцца матэрыялы, прысвечаныя духоўным праблемам моладзі, рэлігійнаму сталенню, святому Валянціну і іншым актуальным тэмам.
Кароткі агляд новага нумара газеты, якая выходзіць двойчы на месяц, прапануе галоўны рэдактар выдання ксёндз Юрый Марціновіч.
«Моладзь баіцца шлюбу». Больш за палова шлюбаў у Беларусі распадаецца.
Разводы і разрывы адносінаў пужаюць маладых людзей і руйнуюць веру ў сужэнства. Як з гэтым быць?
«Што з перадшлюбнымі курсамі?» Пра падрыхтоўку маладых пар, і чаму касцёльны шлюб не з’яўляецца гарантыяй іх добрага сужэнства ідзе размова з айцом Сяргеем Трысценем OCD, дырэктарам «Школы сямейнага жыцця» ў Мінску.
«Чаму моладзь дыстанцуецца ад касцёла?» Ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB тлумачыць, чаму праблемы моладзі гэта праблемы дарослых, чаму дарослае жыццё так хутка «прабівае шар» юнацкай веры і што можна з гэтым зрабіць.
«Ад „Бозенькі“ да Бога». Сведчанне Веранікі пра дарогу ад пацераў і веры «на аўтамаце» да навяртання і сапраўднай малітвы.
«Правер, ці не абрабавалі цябе!» Бажэна Панасевіч напісала кароткую схему зверкі сваіх думак і жаданняў з Бібліяй.
«Пра святога Валянціна» і хрысціянскя карані «дня закаханых» піша Кацярына Паўлоўская.
«Шылавічы». Гісторык Андрэй Вашкевіч распавядае пра адзін з найвышэйшых касцёлаў Беларусі, і чаму аматарам неаготыкі варта занесці яго ў спіс падарожжаў.
Газету «Слова Жыцця» можна набыць ва ўсіх парафіях Гродзенскай дыяцэзіі і ў Мінску:
- Парафія святога Яна Евангеліста і святога Максімільяна Марыі Кольбэ (Кунцаўшчына)
- Парафія Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава)
- Парафія Божага Цела (Ангарская)