Пошук

26.01.2022 07:07   Catholic.by

Зварот Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

біскупа Віцебскага Алега Буткевіча

Дарагія святары,
браты і сёстры манаскіх супольнасцяў,
паважаныя браты і сёстры ў Хрысце.

Папа Францішак падчас малітвы Анёл Панскі ў мінулую нядзелю звярнуўся да ўсіх людзей добрай волі з просьбай аб малітве ў інтэнцыі мірнага вырашэння міжнародных канфліктаў, шляхам паважнага шматбаковага дыялога, а не з дапамогай зброі. Як адзначыў Пантыфік, асаблівым чынам такой малітвы сёння патрабуе Украіна.

Таму заклікаю ўсіх адказна падысці да гэтай просьбы Святога Айца і падчас Імшаў у сераду 26 студзеня, а таксама ў бліжэйшую нядзелю, 30 студзеня, дадаць у малітве вернікаў інтэнцыю аб міры ва Украіне.

Калі ёсць такая магчымасць, то прашу таксама цэлебраваць у бліжэйшы час Эўхарыстыю ў гэтай інтэнцыі і правесці малітоўнае набажэнства аб міры ў свеце.

Наша малітва можа не абмяжоўвацца толькі гэтымі днямі, але няхай вынікае з нашай заклапочанасці аб міры і дыялогу ў нашым супольным доме, сярод тых, з кім жывем побач. Моц гэтай малітвы няхай стане падтрымкай гля тых, хто гэты мір сёння будуе і абаронай ад сілаў, якія імкнуцца яго зруйнаваць. Моц Духа Святога і заступніцтва Багародзіцы няхай спадарожнічае нам у гэтай важнай справе.

З пастырскім благаслаўленнем,

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 15.02.2022 18:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа