Пошук

10.01.2022 12:18   Тэкст: А. Юрый Кулай OCD / Catholic.by

З нагоды святаў Божага Нараджэння і Новага года ў парафіі Божага Цела ў Мінску, якой апякуюцца айцы кармэліты босыя, адбыліся калядныя мерапрыемствы, у якіх бралі ўдзел розныя парафіяльныя групы і біскуп Юрый Касабуцкі.

24 снежня ў вігілію Божага Нараджэння ўпершыню была арганізавана вігілійная сустрэча для самотных асоб, а таксама для тых, хто сёлета не меў з кім перажыць вігілійны вечар. Прысутныя пасля чытання Евангелля і малітвы падзяліліся аплаткай, праспявалі калядкі і правялі вячэру ў сямейнай атмасферы. Дапамаглі ў правядзенні гэтай сустрэчы ўдзельнікі касцёльнага руху «Легіён Марыі».

26 снежня, у свята Святой Сям’і, упершыню ў новым будынку кляштара дзеці прадставілі ўвазе парафіянаў калядную батлейку, у якой чарговы раз наблізілі прысутным духоўны змест Божага Нараджэння. Пасля спеву калядак адбыўся конкурс талентаў, на якім маладыя парафіяне прадэманстравалі свае здольнасці ў розных музычных, гімнастычных, танцавальных і мастацкіх галінах. На заканчэнне ўсе дзеці і моладзь атрымалі салодкі пачастунак ад святога Мікалая.

Увечары 31 снежня ў парафіяльнай капліцы Маці Божай Шкаплернай а 11-й гадзіне распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой, ужо па добрай традыцыі, узначаліў Генеральны Вікарый Мінска-Магілёўскай Архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. Іерах у гаміліі звярнуў увагу на факт хуткай прамінальнасці часу і заахвоціў давяраць сваё жыццё Божаму Провіду.

Пасля святой Імшы адбылося набажэнства перапрашэння і падзякі за 2021 год. Апоўначы біскуп удзяліў ўсім прысутным благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам на Новы, 2022 год Пана.

Потым адбыўся працяг святкавання ў новым кляштары, дзе парафіяне падрыхтавалі пачастунак. Усе прысутныя ў святочнай атмасферы спявалі калядкі, а таксама дзяліліся ўражаннямі з ўласнага жыцця, дзякуючы Богу за дар супольнасці Касцёла і Новага Года.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця