Пошук

07.01.2022 12:02   Catholic.by

7 студзеня Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч скіраваў ліст Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну, у якім павіншаваў усіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы са святам Раства Хрыстова.

Яго Высокапраасвяшчэнству
Высокапраасвяшчэннейшаму
Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну
Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі

Ваша Высокапраасвяшчэнства!

«Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі!» (Лк 2, 14).

Сёння гэты спеў анёльскіх хораў асаблівым чынам гучыць у Праваслаўных храмах на ўшанаванне Хрыстовага Раства.

Таму дазвольце ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў і ўсіх вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі скіраваць Вам, а ў Вашай асобе — усім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы шчырае віншаванне з гэтым прыгожым і ўзнёслым Святам.

Нараджэнне Збаўцы чалавечага роду — гэта падзея, якая датычыцца кожнага чалавека ў гэтым свеце. Таму Свята Хрыстовага Нараджэння, як ніякае іншае, мае ў сабе моц яднання. Асаблівым чынам сёння неба яднаецца з зямлёю ў таямніцы Слова, якое «сталася целам і пасялілася між намі» (Ян 1, 14). Няхай Яно натхняе нас шукаць таго, што нас аб’ядноўвае, каб радасць, якую разам чэрпаем з Бэтлеемскіх ясляў, дапамагала іншым знаходзіць дарогу да Хрыста, падобна зорцы, што асвятляла шлях Мудрацам з Усходу.

Няхай жа заступніцтва Прасвятой Багародзіцы і Яе праведнага Абранніка дапаможа нам захаваць гэтую радасць у цяперашні няпросты час і напоўніць сэрцы ўсіх жыхароў нашай роднай Бацькаўшчыны спакоем і адвагай перад абліччам жыццёвых выпрабаванняў, няхай умацуе іх у веры і надзеі, дазваляючы адчуць бязмежнасць Міласэрнай Любові Хрыста, які праз Бэтлеемскія яслі назаўсёды ўвайшоў у гісторыю чалавечага жыцця.

Здароў’я, міру, поспеху і Божага благаслаўлення!

З братняй любоўю ў Госпадзе,

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Абноўлена 10.01.2022 22:35
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.