Пошук

05.01.2022 15:13   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

5 студзеня ў касцёле святога Сымона і святой Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл) адбылася пахавальная святая Імша за спачылага Адама Мальдзіса — вядомага беларускага літаратуразнаўцу, гісторыка, пісьменніка, журналіста.

Пахавальную цэлебрацыю ўзначаліў арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч. Разам з заслужаным іерархам за супакой душы спачылага, які адышоў у вечнасць 3 студзеня на 90-м годзе жыцця, маліліся Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў архімандрыт Сяргей Гаек, святары лацінскага і ўсходняга абрадаў, шматлікія вернікі.

Труна з целам памерлага Адама Мальдзіса з раніцы была выстаўлена ў Чырвоным касцёле. Развітацца са спачылым прыйшлі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, дзеячы культуры, удзячныя суайчыннікі.

Перад Імшой адбылася малітва Ютрані за памерлых.

Цырымонія развітання і пахавальная Імша транслявалася анлайн на Youtube-канале парафіі святога Сымона і святой Алены і на партале Catholic.by.

Распачынаючы цэлебрацыю, арцыбіскуп Кандрусевіч зазначыў, што адышоў у вечнасць чалавек, якога добра ведае Беларусь: не толькі навукоўцы і літаратуразнаўцы. «Выдатны грамадзянін і вернік Каталіцкага Касцёла, які пакінуў трывалы след на нашай зямлі», — так ахарактарызаваў спачылага заслужаны беларускі іерарх.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіўся на прызначэнні кожнага чалавека да вечнасці.

«Бог стварыў чалавека з праху зямлі, але стварыў яго да вечнага жыцця», — падкрэсліў арцыпастыр. Нагадаўшы, што цяпер Касцёл перажывае перыяд Нараджэння Хрыстова і ўспамінае прыйсце ў свет Божага Сына, ён дадаў, што Пасха Хрыста — гэта пераход ад смерці да жыцця.

«Езус, Сын Божы, які прыйшоў на свет у чалавечым целе, выбавіў нас ад смерці вечнай у таямніцы сваёй смерці і ўваскрасення. Менавіта з перспектывы пасхальнай таямніцы мы павінны глядзець на смерць. Хоць смерць напаўняе нас смуткам, бо ўжо больш не ўбачым гэтага чалавека, не пачуем яго голасу, аднак глядзець на смерць мы павінны праз прызму ўваскрасення Хрыста. <…>

Мы пераходзім з зямнога жыцця ў жыццё вечнае, і ад учынкаў чалавека ў яго зямным жыцці і ад нашай малітвы залежыць яго вечнасць.

Спыніўся гадзіннік зямнога жыцця прафесара Адама Мальдзіса, і ён ужо не можа сабе дапамагчы, таму ключ ад дзвярэй, якія вядуць у вечнае шчасце, знаходзіцца ў нашых руках. Гэтым ключом з’яўляецца нашая малітва, гэтая святая Імша, Камунія, прынятая ў інтэнцыі памерлага», — сцвердзіў арцыбіскуп.

Ён дадаў, што развітанне са спачылым для кожнага становіцца нагодай задумацца над уласным жыццём і непазбежнасцю адыходу.

«І для нас прыйдзе такі час. Тады мы нічога не возьмем з сабою <…>, акрамя таго, што знаходзіцца ў нашых „духоўных заплечніках“», — зазначыў арцыпастыр. Ён дадаў, што спачылы адыходзіць у вечнасць з поўным добрых спраў «духоўным заплечнікам».

«Адам Мальдзіс стаяў ля вытокаў адраджэння нашай краіны; стаяў ля вытокаў адраджэння яе культуры, пісьменства і літаратуры. Ён вельмі шмат зрабіў для распаўсюджвання беларускай мовы, спрыяў яе шырокаму ўжыванню таксама ў Каталіцкім Касцёле. Мы павінны схіліць свае галовы перад гэтым вялікім чалавекам!» — усклікнуў арцыбіскуп Кандрусевіч і, звяртаючыся да спачылага, працянуў:

«Ты дапамог нам зразумець нашу тоеснасць. Дзякуй табе за гэта! Як шмат людзей прыйшло сёння развітацца з табою! Гэта твае сябры, твае блізкія, твае паплечнікі, разам з якімі ты ствараў новую культуру нашай Бацькаўшчыны. <…> Няхай усё тваё жыццё і хрысціянскае сведчанне дапаможа табе на шляху пераходу з гэтага жыцця ў вечнасць», — сказаў арцыпастыр.

Зазначыўшы, што на хросце спачылы атрымаў імя першага чалавека, Адама, іеарарх дадаў, што праз гэты сакрамэнт ён стаў новым Адамам, адроджаным у Езусе Хрысце, які адчыніць яму брамы раю.

«Прафесар Адам Мальдзіс, жыві у Хрысце, бо жыццё ў Хрысце — гэта жыццё ў вечнай радасці неба!» — завяршыў гамілію арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля святой Імшы заслужаны іерарх узначаліў абрады апошняга даручэння і развітання са спачылым.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.