29 снежня ў Гродне прайшоў калядны турнір па міні-футболе, у якім бралі ўдзел юнакі 8–11 класаў з розных каталіцкіх парафій.
Усяго ў спаборніцтвах удзельнічала восем каманд: з Баранавічаў, Воранава, Германішак, Ліды, Слоніма, дзве з Гродна і адна зборная каманда пад назвай Unitatem, за якую гулялі юнакі з Варшавы, Гродна і Макараўцаў.
Мэта турніра — праз спорт яднаць з Богам маладое пакаленне і дзяліцца з аднагодкамі радасцю ад Божага Нараджэння.
Аргнаізатарам турніра выступіў адказны па справах спорту, дзяцей і моладзі Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз Артур Малафей. У правядзенне мерапрыемства свой унёсак зрабілі галоўны спонсар турніру Ірына Лаўрыш, а таксама валанцёры з гродзенскіх парафій святога айца Піо і Божай Міласэрнасці (Вішнявец).
Дзень турніру ўдзельнікі распачалі раніцай са святой Імшы ў новазбудаваным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай Маці Міласэрнасці. Гэтую святыню за некалькі дзён да гэтага, ва ўрачыстасць Нараджэння Пана, пасвяціў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Падчас Эўхарыстыі святар заахвоціў юнакоў да практычнага выхавання запаведзі любові да бліжняга як падчас турніру, так і ў штодзённым жыцці. Пасля Імшы ўдзельнікі спаборніцтваў падзяліліся аплаткай, абменьваючыся святочнымі віншаваннмі і добрымі пажаданнямі.
Пасля супольнага пасілку адбыліся спартовыя спаборніцтвы на пляцоўцы, якія праходзілі ў духу таварыскай барацьбы і з захаваннем правілаў сумленнай гульні.
Па выніках згуляных матчаў першае месца ў турніры заняла каманда юнакоў з парафіі Святой Сям’і ў Лідзе, другое — каманда з парафіі Беззаганнага Зачацця ў Слоніме, а на трэцім месцы размясцілася зборная каманда Unitatem.
Лепшым гульцом быў прызнаны Раман Мяккі са Слоніма, лепшым бамбардзірам — Даніэль Падзялінскі з каманды Unitatem, а лепшым брамнікам — Аляксандр Мамчыц з Ліды.
На заканчэнне турніру акрамя ўручаных пераможцам узнагародаў кожны ўдзельнік і памочнік у арганізацыі і правядзенні спартова-рэлігійнага мерапрыемства атрымаў прызы ад галоўнага спонсара.