Пошук

30.12.2021 07:07   Тэкст: Валянціна Міхайлоўская / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

26 снежня, у свята Святой Сям’і, горад Маладзечна прыняў эстафету перэгрынацыі копій цудадзейных абразоў Маці Божай з беларускіх санктуарыяў.

На ўездзе у горад каля стэлы, на якой з вышыні вітае ўсіх гасцей і падарожнікаў скульптурная выява Багародзіцы, урачысты картэж сустракалі святары і вернікі Маладзечаншчыны. Бяспечна дасягнуць мэты перэгрынацыі дапамагалі работнікі дзяржаўнай аўтаіспекцыі, якія суправаджалі машыны з абразамі.

Копіі трынаццаці цудатворных ікон прыбылі ў Маладзечна разам з шаноўнымі гасцямі: ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком, пробашчам мінскай парафіі святога Сымона і святой Алены, і вікарыем гэтай жа парафіі ксяндзом Станіславам Станеўскім.

Абразы Маці Божай, перад якімі маліліся вернікі ў многіх мясцінах Беларусі, у маладзечанскай парафіі святога Юзафа сустракалі і ўносілі ў святыню сем’і вернікаў.

Копіі ікон неслі і маладыя сужэнствы, і сем’і з багатым жыццёвым досведам.

Падчас святой Імшы ўсе прысутныя, як адна вялікая сям’я, ядналіся ў шчырай малітве і прыгожым спеве, што быў выразам еднасці сэрцаў.

Вернікі маладзечанскай парафіі святога Юзафа на чале са сваім пробашчам ксяндзом прэлатам Эдмундам Даўгіловічам-Навіцкім шчыра падзякавалі арганізатарам перэгрынацыі за магчымасць далучыцца да гэтага незвычайнага духоўнага праекту. Дзякуючы яму людзі розных веравызнанняў па ўсёй краіне як адзіная беларуская сям’я праз заступніцтва Багародзіцы ўзносяць свае малітвы да Бога, просячы яго аб захаванні хрысціянскіх каштоўнасцяў, міры і згодзе ў нашай Бацькаўшчыне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця