Пошук

23.12.2021 12:23   Тэкст: Вераніка Раманенкава / Фота: брат Алег Шэнда OFMCap / Catholic.by

19 снежня ў парафіі святога Францішка Асізскага ў Мінску (Новая Баравая) прайшоў майстар-клас па прыгатаванні вігілійных страваў і афармленні каляднага стала.

Праводзілі майстар-клас мясцовыя парафіянкі: Ніна Невяроўская, Аксана Міцкевіч і Вераніка Раманенкава.

Важнай часткай калядных святкаванняў у Беларусі з’яўляецца сумесная сямейная вячэра.

Гэтая вячэра адметная шэрагам традыцый, якія з даўніх часоў старанна захоўваюцца на нашай зямлі.

Яна распачынаецца на прыцемку, калі ў небе ўжо можна ўбачыць першыя зоркі. Традыцыйна на калядным вігілійным стале павінна прысутнічаць 12 посных страваў, у лік якіх могуць уваходзіць хлеб, поліўка, бліны, грыбы, капуста, рыба, квас, кісель, галушкі, куцця і інш.). Пры сервіроўцы вігілійнага стала было прынята ставіць дадатковы прыбор для нечакана госця — як напамін пра тое, што мы гатовыя адкрыць свае дзверы і сэрцы іншаму чалавеку, каб не паўтарыць памылку тых, хто не пусціў Марыю з Юзафам у свае дамы ў Бэтлееме. Пад абрус на вігілійны стол зазвычай клалі крыху сена, якое нагадвае аб беднасці бэтлеемскіх ясляў, у якой Збаўца прыйшоў на свет. Святочны стол можна ўпрыгожыць ялінкавай кампазіцыяй, свечкай, кветкамі.

На першым месцы пры стале, паводле беларускай традыцыі, павінен сядаць самы старэйшы і паважаны чалец сям’і. Права першага святочнага слова і моманту распачацця вячэры таксама належыць таксама яму.

Вячэра абавязкова павінна распачынацца малітвай, падчас якой чытаецца ўрывак з Евангелля паводле Лукі, што апавядае пра Нараджэнне Хрыста (Лк 2, 1–20).

Толькі пасля малітвы сабраныя на вігілійнай вячэры дзеляцца аплаткамі і абменьваюцца добрымі пажаданнямі, а потым сядаюць да стала. Падчас вігілійнай вячэры прынята спяваць калядныя песні, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

Удзельнікі майстар-класу даведаліся пра нормы этыкету паводзін за сталом і сакрэты прыгатавання традыцыйных страваў. Вядучыя дзеляцца імі з усімі ахвотнымі ў відэа на тэму падрыхтоўкі вігілійнага стала і жадаюць радасных Святаў Божага Нараджэння ў коле сям’і і блізкіх.

Абноўлена 23.12.2021 15:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.