15 снежня Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ў суправаджэнні супрацоўнікаў Caritas Мінск наведаў бяздомных у Доме начнога знаходжання ў Мінску.
У сваіх сацыяльных сетках Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі» размясціла здымкі перадкаляднага візіту да людзей, якія апынуліся на ўзбоччы грамадства, засталіся без жытла і вымушаны туліцца ў Доме начнога знаходжання.
Здымкі суправаджаюцца наступным каментаром: «Штораніцы, яны ўстаюць і брыдуць у невядомасць… Практычна заўсёды іх просьбы застаюцца непачутымі… Яны часцей за ўсё здаюцца, п’юць…
Насуперак міфам, большасць бяздомных жадае працаваць і стала шукаюць працу.
Але вакансію знайсці такому чалавеку не заўсёды лёгка, а калі яна ўсё ж такі знаходзіцца, то часта іх падманваюць, не плацяць, паступаюць як з „невідзімкамі“: людзьмі без дакументаў, рэгістрацыі, правоў і абароны. І яны выжываюць, кожны як можа», — адзначаецца на старонцы Caritas Мінск у сацыяльнай сетцы Вк.
Арцыбіскуп Станеўскі разам з дырэктарам Caritas Мінск братам Анатолем Ярошкам OFMCap і іншымі супрацоўнікамі дабрачыннага каталіцкага таварыства сустрэўся з падапечнымі Дома начнога знаходжання, размешчанага на сталічнай вуліцы Ваўпшасава.
Прадстаўнікі Касцёла павіншавалі бяздомных з надыходзячымі святамі, перадалі падарункі і сродкі першай неабходнасці, а таксама заспявалі калядныя песні.
«Час гэтых сустрэч — бясцэнны дар, дзякуючы якому разрываецца кола абыякавасці», — падкрэсліваюць у Caritas Мінск і заахвочваюць усіх неабыякавых дапамагаць людзям, якія не маюць дома.