Пошук

17.12.2021 07:07   Паводле: кс. Юрый Марціновіч / Фота: Вольга Сяліцкая / Grodnensis.by

16 снежня ў гродзенскую катэдральную базыліку святога Францішка Ксавэрыя быў унесены Бэтлеемскі агонь міру, які даставіла моладзь з польска-беларускай граніцы, з пагранічнага пераходу ў Вялікай Бераставіцы. Менавіта з горада над Нёманам распачалася штогадовая эстафета перадачы агню па розных парафіях Беларусі.

Як паведамляе Grodnensis.by, лампаду з агнём, запаленым у базыліцы Нараджэння Пана ў Бэтлееме, прывітаў у галоўнай святыні дыяцэзіі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. Іерарх адзначыў, што сёлетняя акцыя перадачы Бэтлеемскага агню міру праходзіць пад дэвізам «Святло надзеі».

Пастыр Касцёла на Гродзеншчыне дадаў, што гэтае маленькае полымя «пабуджае нас да веры, да моцы, да любові і да нясення міру». Іерарх выказаў надзею, што яго святло стане матывацыяй і сілай усіх вернікаў для пераадольвання цяжкасцяў; іскрай, якая загарыцца ў сэрцы кожнага і дапаможа адказаць на выклікі сучаснасці.

«Няхай гэтае святло стане знакам для ўсіх, што мы адна сям’я дзяцей Божых; няхай дае надзею на лепшае заўтра, на любоў у кожнай сям’і і на жаданы мір ва ўсім свеце», — сказаў біскуп Кашкевіч.

Іерарх падзякаваў усім, хто ўдзельнічае ў перадачы гэтага сімвалу Божага Нараджэння. Словы ўдзячнасці ён выказаў моладзі, што даставілі агонь у Гродна як знак Езуса Хрыста, які прыходзіць да нас у таямніцы свайго Нараджэння.

Менавіта дзякуючы моладзевай ініцыятыве перадача Бэтлеемскага агню стала пастаянным элементам калядных традыцый у горадзе над Нёманам.

Іерарх падзякаваў маладым валанцёрам, якія занясуць Бэтлеемскі агонь у іншыя парафіяльныя супольнасці Беларусі.

«Нясіце гэтае святло, але адначасова самі будзьце святлом.

Няхай іншыя, бачачы вашыя паводзіны, бачаць радасць ад прабывання з Езусам, жыццё сапраўды хрысціянскае, якое асвятляе ўсю гэтую жыццёвую цемру», — дадаў біскуп, звяртаючыся да тых, хто панясе Бэтлеемскі агонь міру ў розныя месцы нашай краіны.

Карыстаючыся нагодай, біскуп Аляксандр Кашкевіч выказаў святочныя віншаванні ўсім прысутным у катэдры, пажадаўшы вясёлых святаў, што стануць сапраўднай сустрэчай з Езусам Хрыстом, які прыносіць радасць і надзею.

Акцыя перадачы Бэтлеемскага агню міру ўзяла пачатак у Аўстрыі ў 1986 годзе. З таго часу штогод агонь перадаецца з рук у рукі з Бэтлеема. У пячоры Нараджэння Пана гарыць вечны агонь, ад якога запальваецца лампада, полымя якой перад Калядамі абыходзіць свет.

Святло з Бэтлеема нагадвае людзям пра адзінства і братэрства, а таксама пра любоў.

Менавіта з любові да чалавека больш за дзве тысячы гадоў таму ў Палестыне нарадзіўся Збаўца.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа