Пошук

10.12.2021 20:53   Паводле: Strinitas.com / Catholic.by

8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, вернікі парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія), прысвяцілі сваю супольнасць Беззаганнаму Сэрцу Марыі.

Як паведамляе парафіяльны сайт Strinitas.com, у гаміліі, прамоўленай на ўрачыстай святой Імшы, пробашч глыбоцкай парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч асаблівым чынам запрасіў прысутных паразважаць над тым, што значыць быць «дзіцём Марыі», заклікаўшы не саромецца так сябе называць і аддавацца Ёй у апеку кожны дзень, асабліва ў найбольш цяжкія, змрочныя моманты, каб адчуць супакой і ўбачыць святло, бо Марыя разам з намі.

На заканчэнне гаміліі пробашч запрасіў прысутных вернікаў у гэты святочны дзень падзякаваць Марыі за тое, што Яна на працягу апошніх трох гадоў асаблівым чынам была разам з іх парафіяльнай супольнасцю.

«Я ведаю, якія цяжкасці мы перажылі падчас рамонту, але ўпэўнены ў адным, што дзякуючы Марыі мы ў свой час яго скончылі. Таму сёння, наша Мамачка, мы хочам Табе падзякаваць не толькі за рамонт, але за тое, што Ты апякуешся глыбоцкай парафіяй на працягу гісторыі.

Таму прымі, Марыя, ад нас гэтыя сціплыя кветкі: няхай яны радуюць Тваё Беззаганнае Сэрца», — сказаў святар.

Пасля гэтага разам з міністрантамі, якія неслі кошык белых руж, ён скіраваўся ў капліцу ў святыні, дзе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай.

Да старадаўняй іконы былі ўскладзены кветкі, пасля чаго ксёндз Мікалай прысвяціў парафію Беззаганнаму Сэрцу Марыі:

«Найчысцейшая, Беззаганна Зачатая, нашая Нябесная Мама!

Сёння наша глыбоцкая парафія асаблівым чынам прысвячае сябе Твайму Беззаганнаму Сэрцу.

Ад імя ўсёй парафіі як пробашч я прысвячаю кожнага з нас, прысутнага ў святыні, усе нашыя сем’і; кожнага, хто фармальна і не толькі належыць да нашай супольнай парафіяльнай сям’і. Мы жывём у асаблівыя часы, калі сатана атакуе Касцёл і душы людскія. Таму мы аддаёмся пад Тваю апеку, Марыя, і прысвячаем сябе Табе, каб Ты кіравала нашым жыццём, нашымі сэрцамі. Каб Ты дапамагала нам змагацца з сатаною, каб мы не былі падманутыя ім.

Прымі гэтыя кветкі як дар нашай удзячнасці за Тваю дапамогу не толькі ў матэрыяльным рамонце нашай святыні. Няхай Божы храм і Божае Валадарства ў нашых душах будуюцца пад Тваёй апекай. Усе мы, тут прысутныя, саміх сябе і ўсе нашыя сем’і Табе давяраем».

На заканчэнне акту даручэння была прамоўлена старажытная малітва да Багародзіцы «Тваёй абароне».

Пасля святой Імшы ў капліцы Маці Божай Падхорнай дзве парафіянкі прысвяцілі сябе Езусу праз Марыю, зачытаўшы і падпісаўшы акт прысвячэння Езусу праз Марыю паводле святога Людвіка-Марыі Грыньёна дэ Манфора.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа