Пошук

23.11.2021 10:15   Catholic.by

Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB заахвочвае вернікаў працягваць духоўную ўспамогу святарскіх і манаскіх пакліканняў у нашай краіне.

Год таму, у нядзелю Хрыста Валадара сусвету, па прапанове каталіцкіх біскупаў Беларусі ў нашым Касцёле распачалася дабравольная ініцыятыва «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў». Яе мэта ў тым, каб у нашай краіне заўсёды хапала «работнікаў жніва Пана» — святых, мужных і непахісных у веры. Ад шчырага сэрца хочацца падзякаваць усім, хто далучыўся да малітвы аб пакліканнях да святарскага і кансэкраванага жыцця.

Разумеючы дзейснасць малітвы, хочацца і ў гэтым годзе запрасіць усіх ахвотных далучыцца да гэтай ініцыятывы, такой неабходнай і актуальнай.

Яе сутнасць у тым, каб дабравольна прыняць на сябе абавязак на працягу 3 месяцаў, 6 месяцаў ці 1 года (па жаданні):

  • маліцца кожны дзень таямніцу Святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
  • прынамсі раз на месяц удзельнічаць у Эўхарыстыі і ахвяроўваць святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i манаскіх паклiканняў у Беларусі;
  • чытаць штодзённую малiтву аб святарскiх i манаскіх паклiканнях у Беларусі.

У кантэксце Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, нам усім варта пераасэнсаваць сваю адказнасць за будучыню Касцёла, асабліва ў нашай Беларусі, і прысвяціць Пану Богу больш часу на малітву, дбаючы пра пакліканні ў нашых парафіях і асабліва ў сем’ях. Дзякуючы шматлікім і святым пакліканням да святарскага і кансэкраванага жыцця Валадарства Божае ў нашай Краіне будзе пашырацца і расці.

На справу «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі» ад усяго сэрца благаслаўляю.

Біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB
Старшыня Камісіі па справах фармацыі семінарыстаў і святароў
пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця