Пошук

15.11.2020 12:00   Catholic.by

Глыбокапаважаныя святары і кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры!

У апошнюю нядзелю літургічнага года Касцёл адзначае ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Мы, каталіцкія біскупы Беларусі, жадаем асаблівым чынам прывітаць вас у гэтую ўрачыстасць і скіраваць да вас свой зварот.

Бог заклікае кожнага чалавека да святасці. Аднак асаблівыя пакліканні на шляху да святасці — гэта святарскія і манаскія пакліканні, бо яны не толькі служаць уласнаму асвячэнню, але і з’яўляюцца дарам Божай любові для ўсёй супольнасці Божага народа, для ўсіх нас.

Касцёл нястомна запрашае ўсіх далучыцца да клопатаў пра пакліканні да спецыяльнага служэння ў Касцёле. Ён запрашае нас маліцца аб дары пакліканняў, аб мужнасці для тых, каго Бог кліча, аб іх вернасці быць сведкамі Божай праўды і Божай любові — сведкамі Езуса Хрыста, добрага Пастыра.

У наступным 2021 годзе Каталіцкі Касцёл у Беларусі будзе адзначаць 30-годдзе адраджэння структур. Гэта цудоўная нагода, каб заўважыць тое добрае, што было супольна здзейснена, а таксама каб пераасэнсаваць намаганні і вызначыць новыя кірункі дзейнасці. Адным з прыярытэтных кірункаў будзе яшчэ большы клопат пра пакліканні, таму што заўважаецца вялікі недахоп святароў і кансэкраваных асоб у Беларусі.

На 79-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, якое адбылося 15 кастрычніка 2020 г., было прынята рашэнне распачаць ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі», каб у нашай краіне заўсёды хапала „работнікаў жніва“ — святых, мужных і непахісных у веры. Гэтая дабравольная ініцыятыва распачынаецца ў нядзелю Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету ва ўсіх парафіях Беларусі. Але калі з нейкіх прычын хтосьці не зможа распачаць малітву з 22 лістапада, то далучыцца да гэтай малітоўнай ініцыятывы можна ў любы момант.

Галоўнае — пачаць шчыра маліцца аб пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця.

Тым, хто пажадае далучыцца да ініцыятывы, неабходна дабравольна прыняць на сябе абавязак на працягу 3 месяцаў, 6 месяцаў ці 1 года (па жаданні):

  • маліцца кожны дзень таямніцу святога Ружанца «Спасланне Духа Святога» ў інтэнцыі новых святарскiх i законніцкіх паклiканняў у Беларусі;
  • прынамсі раз у месяц удзельнічаць у Эўхарыстыі і ахвяроўваць святую Камунію ў інтэнцыі новых святарскiх i законніцкіх паклiканняў у Беларусі;
  • чытаць штодзённую малiтву аб святарскiх i законніцкіх паклiканнях у Беларусі.

Інфармацыя пра ініцыятыву «Духоўная ўспамога святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі» змешчана на партале Catholic.by, у часопісе «Ave Maria», газеце Гродзенскай дыяцэзіі «Слова жыцця», газеце Віцебскай дыяцэзіі «Каталіцкі веснік» і рэлігійным часопісе «Дыялог». Надрукаваныя таксама адмысловыя абразкі з тэкстам абяцання і штодзённай малітвы.

Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй кнізе «Езус з Назарэта» зазначае, што «жняцоў на Божай ніве немагчыма проста знайсці, так, як працадаўца шукае патрэбных людзей; яны заўсёды павінны быць вымалены ў Бога і Ім самім выбраныя для гэтага служэння».

Нам усім варта пераасэнсаваць сваю адказнасць за будучыню Касцёла ў Беларусі і прысвяціць Пану Богу больш часу на малітву, дбаючы пра пакліканні ў нашых парафіях і асабліва ў сем’ях, бо дзякуючы шматлікім і святым пакліканням да святарскага і манаскага жыцця Валадарства Хрыста ў нашай Краіне будзе пашырацца і расці.

На справу «Духоўнай успамогі святарскіх і манаскіх пакліканняў у Беларусі» ад усяго сэрца благаслаўляем.

Мінск, 4 лістапада, ва ўспамін св. Караля Барамэя, біскупа.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

P.S. Святарам неабходна прачытаць гэты зварот падчас аб’яваў на кожнай святой Імшы ва ўрачыстасць Езуса Хрыста, Валадара Сусвету 22 лістапада 2020 года.

Абноўлена 23.11.2021 10:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця