Пошук

18.11.2021 11:00   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз Віталь Вайцяхоўскі кіруе ліст, які можна выкарыстаць падчас святых Імшаў ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара сусвету, што будзе адзначацца ў Касцёле ў нядзелю 21 лістапада.

Традыцыйна ў гэты дзень у парафіях збіраюцца ахвяраванні на духоўныя семінарыі.

Узлюбленыя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Сёння мы перажываем урачыстасць Хрыста Валадара. Літургія апошніх тыдняў літургічнага года дасягае сваёй кульмінацыі. Апакаліптычныя матывы змяняюцца разважаннямі аб вечным Валадарстве Хрыста. Натуральная трывога перад апакаліптычнымі падзеямі змяняецца надзеяй задавальнення ўсіх людскіх патрэб і дасягнення паўнаты шчасця ў Валадарстве Хрыста.

Мы прагнем і чакаем гэтага Валадарства, штодня молімся аб яго надыходзе словамі малітвы «Ойча наш», кажучы «прыйдзі Валадарства Тваё».

Аднак за гэтымі словамі надзеі вельмі часта стаіць праблема разумення сутнасці Божага Валадарства. Мы насамрэч чакаем яго; чакаем, калі яно прыйдзе і вырашацца ўсе нашы праблемы. Гэта памылковае разуменне Божага Валадарства. Так не бывае, бо, як кажа сам Езус, «Маё Валадарства не адгэтуль».

Яно не падобнае да той рэчаіснасці, у якой мы прызвычаіліся жыць. Пра яго нельга сказаць, што яно ўжо распачалося, або ўжо ёсць, або будзе. У яго няма месца і часу. Гэта рэчаіснасць нябачная для людскога вока. Валадарства Божае засеяна ў людскіх сэрцах. Яно паволі ўзрастае ў кожным з нас. Ад кожнага з нас залежыць, якой будзе глеба нашага сэрца і як плённа будзе ўзрастаць засеянае зерне Божага Слова. Бог не будзе вырашаць за нас нашы праблемы, рабіць за нас нашу працу, не будзе ствараць нам жыццё, пра якое мы марым. Бог дае нам магчымасці і чакае ад нас адказу. Гэта наша заданне вырашаць, што будзе ўзрастаць на глебе майго сэрца. Што мы будзем палоць і паліваць, а што вырвем як пустазелле? Якія каштоўнасці вырастуць у нашых сэрцах? Менавіта ад гэтага залежыць надыход Божага Валадарства, якое распачынаецца сярод нас.

Ніякія палітычныя сістэмы, ніякія законы, ніякія людзі не змогуць зрабіць наша жыццё лепшым, калі ў ім будуць узрастаць злосць, нянавісць, уладалюбства, хлусня, сквапнасць, жорсткасць.

Нельга заставацца абыякавым да будаўніцтва Божага Валадарства, трэба клапаціцца аб узрастанні Божых каштоўнасцяў у нашым сэрцы, бо калі мы не будзем гэтага рабіць, то на іх месцы абавязкова вырастуць іншыя, і ўсё гэта будзе заглушаць сапраўдныя вартасці Валадарства Хрыстовага.

У гэтым працэсе нельга заставацца нейтральным. Мы павінны выразна ўсведамляць, што прыналежнасць да Божага Валадарства і яго будаўніцтва — гэта наш прывілей і адначасова абавязак, наша адказнасць. Менавіта так паступова ўзрастае Божае Валадарства. Інтэнсіўнасць яго ўзрастання залежыць ад кожнага з нас. Чым больш на зямлі становіцца людзей, якія ў глыбіні свайго сэрца пераконваюцца ў каштоўнасцях, якія абвяшчае Хрыстус, тым больш сярод нас Божага Валадарства.

Бачным абліччам Валадарства Божага з’яўляецца Касцёл.

Тут маецца на ўвазе перш за ўсё Касцёл як Хрыстова Цела, супольнасць людзей, аб’яднаных вызнаваннем адной веры. Людзей, якія маюць аднолькавую іерархію жыццёвых каштоўнасцяў, сугучных каштоўнасцям Валадарства.

Аднак жыццё паказвае, што не заўсёды тыя людзі, якія называюць сябе хрысціянамі, маюць у прыярытэце свайго жыцця хрысціянскія каштоўнасці. Менавіта гэта адна з прычын перажывання Касцёлам крызісу. Хрысціянская супольнасць губляе сваю ідэнтычнасць. Пачынае будаваць іншыя «валадарствы» свайго жыцця. І рэч не ў тым, што чалавек адмаўляецца ад каштоўнасцяў Хрыстовага Валадарства: не, гэтага не адбываецца. Рэч у тым, што гэтыя каштоўнасці становяцца непрыярытэтнымі, другараднымі. Гэта вельмі небяспечна для наступных пакаленняў. Немагчыма захапіць маладога чалавека тым, што з’яўляецца другарадным. Таму адной з праяў сучаснага крызісу Касцёла з’яўляецца крызіс пакліканняў да службы Богу і людзям у святарстве або манаскім жыцці.

Можна бясконца разважаць пра праблемы іерархічнага Касцёла, але гэта не адменіць той праўды, што ў штодзённасці маральныя каштоўнасці прайграюць справам дабрабыту, уладкаванасці ў жыцці, уладзе.

Сучасны крызіс пакліканняў, як лакмусавая паперка, сведчыць пра крызіс будаўніцтва Божага Валадарства, пра крызіс нашых сэрцаў. Гэта праблема не толькі Касцёла ў сэнсе яго іерархічнай часткі: гэта праблема кожнага з нас, праблема нашай будучыні.

Можа, менавіта таму ў сённяшнюю ўрачыстасць Хрыста Валадара Касцёл заахвочвае нас паглядзець у бок выхавання новага пакалення святароў. Паглядзець і задацца пытаннем, ці будуць у будучыні людзі, здольныя пасеяць зерне Божага Слова ў сэрцах наступных пакаленняў? Якія каштоўнасці будуць на першым месцы ў наступных пакаленняў? Ці мы сваім прыкладам дапаможам ім наблізіцца да Божага Валадарства: Валадарства праўды і жыцця, Валадарства святасці і ласкі, Валадарства справядлівасці, любові і супакою?

У гэтым месцы нашых разважанняў я хачу сказаць некалькі словаў пра нашу Міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю. Сёння лічба семінарыстаў, які рыхтуюцца да святарства ў Гродне, складае 35 чалавек з усіх дыяцэзій Беларусі. Семінарысты праходзяць сямігадовую фармацыю. Год падрыхтоўкі, два гады філасофскіх дысцыплін і чатыры гады тэалогіі. Семінарыйная фармацыя складаецца не толькі з інтэлектуальнай падрыхтоўкі, але таксама з фармацыі чалавечай і духоўнай. Акрамя лекцый, семінарысты перажываюць розныя духоўныя практыкаванні, а таксама займаюцца дабрачыннай дзейнасцю.

У сённяшнюю ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету я ад імя ўсёй нашай супольнасці прагну вам шчыра падзякаваць.

У першую чаргу за вашы духоўныя ахвяраванні. За вашы штодзённыя малітвы, ружанцы, вяночкі, за вашы адрачэнні і пост у нашых інтэнцыях.

Чалавек — гэта не толькі дух, але і цела. Духоўная фармацыя патрабуе таксама матэрыяльнай падтрымкі. Дарагія браты і сёстры, мы гэтую падтрымку ад вас адчуваем кожны дзень. Кожны дзень мы маем што з’есці, маем месца для адпачынку і сну, а таксама ўмовы для духоўнага ўзрастання. За гэта вам таксама вялікі дзякуй! Няхай добры Бог, які бачыць усю глыбіню вашых ахвяраванняў, шчыра вам аддзячыць! Мы не маем ніякіх крыніц даходу, таму спадзяемся на Бога і вашы чулыя сэрцы.

Таксама хачу прасіць вас, умілаваныя ў Хрысце, маліцеся аб новых і святых пакліканнях.

Прасіце добрага Бога за бацькоў, каб перадавалі наступным пакаленням сапраўдныя каштоўнасці; прасіце за маладых людзей, каб былі адважнымі і не баяліся пайсці шляхам паклікання.

Дзякуй за тое, што вы ёсць! Штодня мы памятаем пра вас у нашых малітвах.

Няхай добры Бог ахоўвае і благаслаўляе вас і вашых блізкіх!

Рэктар ксёндз Віталь Вайцяхоўскі

Абноўлена 18.11.2021 16:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця